ПАМЁР МІХАІЛ МУСТЫГІН
Сёння ноччу на 86-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр Міхаіл Міхайлавіч Мустыгін-старэйшы.
Невысокі, але вельмі тэхнічны і настырны нападнік абараняў колеры "бела-сініх" сем сезонаў (1962-68) — і здабыў славу выдатнага галеадора. Двойчы найлепшы бамбардзір чэмпіянатаў СССР (1962, 1967), разам з партнёрамі заваяваў бронзу чэмпіяната-1963, прабіўся ў фінал Кубка-1965. Быў уключаны ў спісы 33 найлепшых футбалістаў Савецкага Саюза (1963 — №2; 1967 — №3). У 1963, 1964 і 1966 гадах з'яўляўся капітанам каманды. Выклікаўся ў склад галоўнай зборнай СССР. Усяго ў дынамаўскай форме правёў 253 паядынкі, забіў 91 мяч.
Па сканчэнні гульнявой кар'еры доўга і паспяхова працаваў дзіцячым трэнерам, укладваючы ў падначаленых свой багаты досвед, перадаючы вялікую любоў да футбола. У ліку выхаванцаў Міхаіла Міхайлавіча, у прыватнасці, Ігар Гурыновіч, Ігар Крыўшэнка, Юрый Пунтус.
У апошнія гады па стане здароўя не прыходзіў на стадыён, але ўважліва сачыў за выступленнямі роднай каманды, у гісторыі якой назаўжды застанецца адной са знакавых фігур.
ФК "Дынама-Мінск" выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Міхаіла Міхайлавіча...