УЛАДЗІСЛАЎ МАРОЗАЎ — МІНСКІ ДЫНАМАВЕЦ!
Гульцом ФК "Дынама-Мінск" стаў форвард Уладзіслаў МАРОЗАЎ, які раней абараняў колеры прысталічнай "Іслачы".
Уладзіслаў нарадзіўся 12 кастрычніка 2000-га ў Брэсце. З 8 гадоў займаўся футболам у мясцовай СДЮШАР (першы трэнер Аляксандр Іванавіч Цяліпка). У 2017-м пачаў выступаць за дублёраў брэсцкага "Дынама". У 2018-м перабраўся ў іншы клуб з паўднёва-заходняга абласнога цэнтра — "Рух", з якім прайшоў шлях ад трэццяга па значнасці дывізіёна чэмпіяната краіны да элітнага.
У найвышэйшай лізе дэбютаваў 18 красавіка 2020-га — у дамашнім супрацьстаянні з "Мінскам". У 2021-22 гадах выступаў за "Іслач" (62 паядынкі, 11 забітых мячоў). У мінулым сезоне стаў другім снайперам "воўкаў" з 7 трапнымі стрэламі.
Мае ў прафайле 12 матчаў за моладзевую зборную Беларусі (3 галы).
Улад, вітаем цябе ў складзе "бела-сініх" і зычым шматразова абнавіць тут свае бамбардырскія рэкорды!