БЕГУНОЎ, ГАЎРЫЛОВІЧ І СЯДЗЬКО ПАДОЎЖЫЛІ КАНТРАКТЫ
ФК "Дынама-Мінск" рады абвясціць аб працягу супрацы з трыма важнымі гульцамі асноўнага склада. Аўтографы пад новымі кантрактамі паставілі абаронцы Раман БЕГУНОЎ, Аляксей ГАЎРЫЛОВІЧ, а таксама хаўбек Павел СЯДЗЬКО.
Раман Бегуноў у гэтым годзе запісаў на рахунак 26 паядынкаў у складзе "бела-сініх" (2 галы + 3 выніковыя перадачы), быў уключаны ў сімвалічную зборную "Б" чэмпіянату краіны-2023.
Аляксей Гаўрыловіч далучыўся ў жніўні, займаў месца ў цэнтры абароны ў 11 сустрэчах найвышэйшай лігі і паразіў вароты суперніка ў "залатым" выязным супрацьстаянні з бабруйскай "Белшынай".
Павел Сядзько правёў 24 гульні ва ўсіх турнірах (6+4) і прызнаны аўтарам найлепшага дынамаўскага гола ў 2023 годзе.
Гэтыя футбалісты зрабілі значны ўнёсак у заваяванне чэмпіёнскага тытула і, не сумняваемся, працягнуць прыносіць камандзе максімальную карысць!