У СЕРБІЮ ПАЕДЗЕ КВІНТЭТ "БЕЛА-СІНІХ"
Зборная нашай краіны, сфармаваная з футболістаў не старэйшых за 2006 год нараджэння, правяла чарговы трэнінг-кэмп, у межах якога пазмагалася ў кантрольных паядынках з дублёрамі мінскага "Дынама" (0:3) і прадстаўніком першай лігі "Маладзечна-2018" (0:1).
У выніку трэнерскі штаб Аляксандра Юрэвіча вызначыўся з канчатковай заяўкай для ўдзелу ў элітным раўндзе EURO’2024 (U17). У спіс уключана пяцёра гульцоў "бела-сініх" — абаронцы Міхаіл АЛЯКСАНДРАЎ і Павел АПЯЦЁНАК (2007 г.р.), хаўбек Арцём САКАЛОЎСКІ, нападнікі Арцём ВАСКАБОЙНІКАЎ і Трафім МЕЛЬНІЧЭНКА. Усе хлопцы гэтую перадсезонку адпрацавалі ў рэзервовай камандзе пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лянцэвіча.
Беларусам належыць узяць курс на Сербію, дзе супернікамі па групе 1, апроч гаспадароў, стануць ізраільцяне з баснійцамі. Пры пэўных раскладах пуцёўку ў фінальны турнір прынясе і другое месца.