ГУЛЬЦЫ "ДЫНАМА"-БДУФК НАВЕДАЛІ ШКОЛУ Ў ТУРЦЫ
Сёння прадстаўнікі "Дынама"-БДУФК адправіліся ў ДУА "Турэцкая базавая школа Чэрвенскага раёна". Мерапрыемства адбылося ў межах праекта "Футбол у кожным сэрцы".
Настаўнік Юрый МАЛЕЕЎ, абаронца Ксенія КУБІЧНАЯ, хаўбекі Настасся ЛІННІК, Ганна ПІЛІПЕНКА, Настасся ШЛАПАКОВА, Настасся ШУПО, а таксама Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь Анатоль УСЕНКА цікава і карысна правялі час. Спачатку ў актавай залі адказалі на пытанні дзяцей і ўручылі падарункі — мячы, сувенірную прадукцыю "бела-сініх", а потым перабраліся на поле, дзе арганізавалі для мясцовых навучэнцаў актыўную размінку і згулялі міні-матч. Таварыскі статус не скасаваў градуса напружання — сябры-супернікі дзейнічалі азартна, фантанавалі эмоцыямі, прагнулі перамогі. Дарэчы, падтрымка маленькіх гледачоў, якія сядзелі ўздоўж бакавой лініі, раздзялілася паміж камандамі прыкладна пароўну.
Завяршылася сустрэча аўтограф-сесіяй і сумесным фатаграфаваннем.