ФЁДАР ЛАПАВУХАЎ УЗНАГАРОДЗІЎ ЛАЎРЭАТАЎ GREEN MEADOW CUP
Прадстаўнік "бела-сініх" Фёдар ЛАПАВУХАЎ стаў спецыяльным госцем традыцыйнага футбольнага турніру, які штогод праводзіцца на базе гімназіі №22 пры падтрымцы ФК "Дынама-Мінск".
У гэтым розыгрышы Green Meadow Cup выступалі навучэнцы 5-х класаў — апроч гаспадароў поля, сабраліся каманды школ №34, 66, 94, 122 і 178 з Савецкага і Першамайскага раёнаў сталіцы.
Наш малады галкіпер не толькі з цікавасцю паназіраў за напружанымі і поўнымі эмоцый матчамі, але і быў актыўна задзейнічаны ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Плюс асабіста вызначыў MVP спаборніцтваў, якому прэзентаваў гульнявую майку "Дынама".
Пераможцы з 66-й школы і прызёры ўдастоіліся памятных падарункаў. Адзначым, што ўсе ўдзельнікі турніру атрымалі квіткі на заўтрашні чэмпіянатны паядынак з салігорскім "Шахцёрам".