ТРЫА "БЕЛА-СІНІХ" — У ЮНАЦКАЙ ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ
Зборная нашай краіны, укамплектаваная футбалістамі не старэйшымі за 2005 год нараджэння, пачала падрыхтоўку да ўдзелу ў кваліфікацыі EURO’2024 (U19).
Падначаленыя Міхаіла Мархеля ў пятніцу, 10 лістапада, правядуць у сталіцы кантрольны паядынак з першалігавымі "Баранавічамі", а потым возьмуць курс на Турцыю, дзе ў межах групы 8 аспрэчаць адну з пары пуцёвак у элітны раўнд з грэкамі (15-га), гаспадарамі квартэта (18-га) і літоўцамі (21-га).
Трэнерскі штаб каманды разлічвае на трох прадстаўнікоў мінскага "Дынама" — брамніка Івана ШЫМАКОВІЧА, абаронцу Мацвея ДУБАТОЎКУ і нападніка Трафіма МЕЛЬНІЧЭНКУ.
Гэтыя хлопцы з’яўляюцца важнымі гульцамі дубля "бела-сініх", які заваяваў залатыя медалі ў сваім чэмпіянаце за шэсць тураў да фінішу.