ДАБРАЧЫННАЯ ЛАТАРЭЯ Ў ПАДТРЫМКУ РЫТЫ ЮШКЕВІЧ
Чацвярговае чэмпіянатнае "класіка" збярэ на трыбунах Нацыянальнага алімпійскага стадыёна "Дынама" вялікую колькасць заўзятараў, якія будуць шчыра і горача падтрымліваць свае каманды.
Было б выдатна, каб кожны, хто прыйдзе на заўтрашні паядынак, зрабіў унёсак у выратаванне жыцця маленькага чалавечка — 3-гадовай Рыты Юшкевіч, якая мае страшэнны дыягназ "Спінальная мышачная атрафія II тыпу".
За уваходам на тэрыторыю арэны праз гістарычную арку ўсіх неабыякавых з 16.45 чакаюць валанцёры са скарбонкамі для ахвяраванняў, плюс там жа можна набыць тавары ручной працы ад майстроў з розных куткоў краіны — выручаныя сродкі адправяць на дабрачынны рахунак для Рыты.
Запрашаем і да ўдзелу ў маментальнай латарэі з квіточкамі коштам 5 рублёў і галоўным прызам — гульнявой майкай "бела-сініх" сезона-2023 з аўтографамі футбалістаў.