ПЕРАДГУЛЬНЯВАЯ ТРЭНІРОЎКА НАШАЙ КАМАНДЫ
У сераду, 19 ліпеня, "бела-сінія" пазнаёміліся з месцам правядзення матчу ў адказ з баснійскім "Жалезнічарам" у межах 2-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі канферэнцый-2023/24.
Нагадаем, што мінскія дынамаўцы прымуць суперніка ў Баку, дзе працуюць на міні-сборы ўжо цягам пяці дзён. Аўтобусная паездка ад атэля Wyndham Garden да стадыёна "Азэрсун" заняла каля 20 хвілін.
Арэна ўмяшчальнасцю 5800 чалавек будзе амаль пустой — гульня пройдзе без гледачоў.
Пасля таго як Вадзім Скрыпчанка і Андрэй Рылач паразмаўлялі з журналістамі, каманда апрабавала газон падчас гадзіннай трэніроўкі — пры тэмпературы +25 градусаў, праўда, без ветру.