АЛЯКСАНДР СЯЛЯВА — ГУЛЕЦ МІНСКАГА "ДЫНАМА"
Кантракт з "бела-сінімі" падпісаў хаўбек Аляксандр СЯЛЯВА, які таксама можа дзейнічаць у цэнтры абароны.
Гэты футбаліст нарадзіўся 17 мая 1992-га ў Бялынічах, з’яўляецца выхаванцам мясцовай ДЮСШ (першы трэнер Сяргей Яўгеньевіч Пласконны).
На найвышэйшым узроўні дэбютаваў у складзе барысаўскага БАТЭ — 11 кастрычніка 2008-га ў кубкавым супрацьстаянні з "Мінскам". У далейшым выступаў за "Клечаск" (2010-11), жодзінскае "Тарпеда"-БелАЗ (2012-15), салігорскі "Шахцёр" (2016-20).
2021-ы правёў у сталічным "Дынама" — усяго адгуляў 28 матчаў, зрабіў дзве выніковыя перадачы і дапамог камандзе заваяваць бронзавыя медалі чэмпіянату краіны.
Пасля чаго адправіўся за мяжу — у расійскі "Растоў", дзе за паўтара сезоны выходзіў на поле 25 разоў і адзначыўся аднім голам, затое якім. 29 красавіка гэтага года ў выязной сустрэчы з маскоўскім "Спартаком" (1:1) адкрыў лік фантастычным па прыгажосці і выкананню ударам з левай нагі ад лініі штрафной пляцоўцы ў дальні вугал.
Мае ў прафайле 9 паядынкаў за нацыянальную зборную Беларусі.
Аляксандр, з вяртаннем! Зычым праявіць найлепшыя якасці і разам з "Дынама" вырашыць усе пастаўленыя задачы!