ТРЫА ДЫНАМАЎЦАЎ ДАЛУЧЫЦЦА ДА ЮНІЁРСКАЙ ЗБОРНАЙ
Зборная нашай краіны, укамплектаваная футбалістамі не старэйшымі за 2005 год нараджэння, правядзе тыднёвы трэнінг-кэмп, у межах якога запланаваны спарынгі з прадстаўнікамі айчыннага элітнага дывізіёна. У пятніцу, 13 кастрычніка, належыць у Гродна згуляць з "Нёманам", у нядзелю, 15-га, — у Брэсце з мясцовым "Дынама".
Прыняць удзел у матчах могуць хлопцы з мінскага "Дынама" — галкіпер Іван ШЫМАКОВІЧ, абаронца Мацвей ДУБАТОЎКА, нападнік Трафім МЕЛЬНІЧЭНКА.
Нагадаем, што гэтае трыа зрабіла сур’ёзны ўнёсак у праходжанне каманды "бела-сініх" U19 у 2-і раўнд "Шляху пераможцаў нацыянальных чэмпіянатаў" Юнацкай Лігі УЕФА-2023/24 — дзякуючы поспеху ў супрацьстаянні ў адказ з равеснікамі з балгарскага "Лудагорца" (2:0).