НАСТАССЯ ЛІННІК ЗАБІЛА СЛАВЕНКАМ
Галоўная жаночая зборная Беларусі згуляла чарговы матч у межах адборачнай кампаніі Лігі нацый-2024. І на намінальна дамашнім стадыёне "Ферэнц Суса" ў венгерскім Будапешце разыйшлася ўнічыю са славенкамі — 1:1.
У дуэлі прынялі ўдзел сем футбалістак мінскага "Дынама"-БДУФК. Ад званка да званка адпрацавалі абаронцы Ксенія КУБІЧНАЯ і Юлія СЛЯСАРЧЫК, хаўбекі Настасся ЛІННІК, якая прымерыла капітанскую павязку, і Ганна ПІЛІПЕНКА. На 59-й хвіліне адбылася змена нападнікаў: замест Вікторыі ВАЛЮК на полі з’явілася Настасся ШУПО. На 76-й з лаўкі запасных узнялі хаўбека Настассю КАВАЛЁВУ.
На 16-й Кубічная адзначылася аўтаголам, а выратаваліся нашы дзяўчаты ў самай канцоўцы сустрэчы. Ліннік забіла пасля паса Піліпенкі.
Гэтыя суперніцы пазмагаюцца яшчэ раз у аўторак, 31 кастрычніка, — ужо ў Славеніі.
У другім паядынку ў групе 4 дывізіёна В баснійкі ў родных сценах узялі верх над чэшкамі — 1:0.
Фота: vk.com/belarusff