11-Ы ТЫТУЛ ДЫНАМАЎСКІХ РЭЗЕРВІСТАЎ
Нядзельная дамашняя перамога 4:1 над моладзевым складам "Мінска" дазволіла рэзервістам "бела-сініх" датэрмінова пакінуць за сабой верхнюю прыступку п’едыстала першынства дублёраў-2023.
Увогуле ж нашы каманды ўжо 11 разоў станавіліся трыўмфатарамі гэтага спаборніцтва (усяго было 23 розыгрышы) — таксама ў 2004-07, 2009, 2010, 2014, 2018, 2020 і 2021 гадах.
Але ніколі раней не атрымлівалася прымерыць залатыя медалі ажно за шэсць тураў да фінішу.
Не сумняваемся, што падначаленыя Дзмітрыя Лянцэвіча не зменшаць абароты і ў астатніх шасць супрацьстаяннях. Чаму б не пакарыць яшчэ шэраг прывабных адзнак? Да прыкладу, забіць за сезон 100 мячоў (зараз — 86) ці дабрацца да мяжы ў 80 ачкоў (зараз — 64, актуальны рэкорд — па 78 у 30 паядынках у 2018-м і 2021-м).
Віншуем хлопцаў і трэнерскі штаб з заваяваннем тытула! І чакаем ад перспектыўных дублёраў якаснага кроку наперад!