УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
8 верасня мінскае "Дынама" прымала на сваёй дамашняй арэне ЦСКА з Масквы. На матч сабралася 35 тысяч гледачоў. Гэта была сустрэча лідэра і аўтсайдэра турнірнай табліцы, але яе вынік здолеў здзівіць заўзятараў.
"Дынама" згуляла наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін (Бялоў, 87), Янушэўскі, Трухан, Пракапенка, Гоцманаў (Зыгмантовіч, 65), Пудышаў, Алейнікаў, Гурыновіч, Кандрацьеў.
У першыя хвіліны на полі была роўнасць сіл. За гэты час масквічы паспелі нанесці першы ўдар па браме, яны ж на 10-й хвіліне мелі магчымасць адкрыць лік, на 20-ай хвіліне армеец Часнакоў, скарыстаўшыся памылкай дынамаўскіх абаронцаў, выйшаў сам-насам з Вяргеенкам, і толькі актыўнае ўмяшанне брамніка выратавала дынамаўцаў ад гола - мяч трапіў у штангу.
А затым ініцыятыва поўнасцю перайшла да дынамаўцаў. Мінчукі павялі разнастайныя атакі, скаваўшы маскоўскіх паўабаронцаў сваёй актыўнасцю, і неўзабаве атрымалі некалькі добрых магчымасцей для ўдараў па браме. Аднак, ні адна з іх не завяршылася голам: 23-я хвіліна матчу - Алейнікаў з васьмі метраў прамахваецца па пустой браме; 25-я хвіліна - мяч пасля ўдару Пудышава аділа штанга; 27 хвіліна - ідзе зацятая барацьба ў брамніцкай гасцей, і зноў не хапіла крыху для завяршэння атакі. І ўсё ж ключавы момант здарыўся: пасля адной з такіх шматхадовых камбінацый армейцы парушылі правілы. Пудышаў са штрафнога нанёс удар, рамнік ЦСКА Новікаў парыраваў мяч, ён адскочыў на левы край, адкуль Кандрацьеў адпасаваў бліжэй да брамы - і Пракапенка галавой накіраваў мяч у сетку.
Пачатак другога тайма таксама быў за мінчукамі. Здавалася, каманда вось-вось павялічыць перавагу ў ліку. Асабліва блізкі быў да гэтага Гурыновіч, але яго ўдар галавой апынуўся крыху недакладным. А потым груба памыліліся Янушэўскі і Трухан. Застаўшыся без Бароўскага, які дзейнічаў на левым фланзе, яны пакінулі без нагляду армейца Тарханава. Больш за тое, Янушэўскі дазволіў Тарханаву бесперашкодна нанесці трапны стрэл па браме. Вяргеенка ня здолеў нешта зрабіць. Мяч патрапіў у самы кут брамы.
"Дынама" максімальна актывізавалася пасля прапушчанага мяча. Вострыя моманты каля брамы ЦСКА ўзнікаюць адзін за адным. Аднак ізноў не шанцавала. Не скарысталіся магчымасці Гурыновіч, Кандрацьеў, Алейнікаў. Змяніць лік да фінальнага свістка ў мінчукоў так і не атрымалася, а армейцы асабліва і не імкнуліся. Яны адкрыта будавалі гульню на ўтрыманне ліку. У канцы матчу здарыўся яшчэ адзін небяспечны момант ля дынамаўскай брамы. Армеец Панамароў, які выйшаў на замену, ледзь не вывеў ЦСКА наперад - мяч пасля яго магутнага ўдару праляцеў за некалькі сантыметраў ад сеткі.
Нічыя 1:1 дала магчымасць супернікам "Дынама" па турнірнай табліцы падабрацца бліжэй да лідэра.
У гэтым матчы таксама Курненін атрымаў жоўтую картку "за спрэчку і нязгоду з рашэннем суддзі".
У наступным туры "Дынама" зноў прымала дамы масквічоў, на гэты раз "Тарпеда".
Фота: www.fc-dynamo.ru