Наступны матч БАТЭ 25 лістапада (20:00) (д)
Live
BLR
  • Чэмпіён СССР: 1982

    Галоўны поспех у гісторыі нашага клуба — перамога ў чэмпіянаце Савецкага Саюза ў 1982 годзе.

    Барацьба за залатыя медалі вялася да апошняга тура, у якім сталічныя дынамаўцы ўзялі верх над маскоўскім "Спартаком" з лікам 4:3 і здолелі апярэдзіць "Дынама" з Кіева ў турнірнай табліцы ўсяго на адзін бал

  • Сяміразовы чэмпіён Беларусі: 1992, 1992/1993, 1993/1994, 1994/1995 1995, 1997, 2004

    Футбалісты мінскага "Дынама" 7 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі.

    У першыя гады беларускай незалежнасці футбалістам "Дынама" не было роўных — 5 разоў запар "бела-сінія" заваёўвалі галоўны нацыянальны тытул. У 1997-м дынамаўцы зноў узняліся на верхнюю прыступку п'едыстала айчыннага элітнага дывізіёна.

    У апошні раз наша каманда станавілася чэмпіёнам краіны ў 2004 годзе.

  • Трохразовы ўладальнік Кубка Беларусі па футболе: 1992, 1993/1994, 2002/2003.

    Тройчы футбалісты мінскага "Дынама" станавіліся ўладальнікамі Кубка Беларусі.

    Двойчы - у самым пачатку станаўлення беларускага футбола (1992 год і сезон 1993/1994), а ў апошні раз - у 2003 годзе.

  • Шасціразовы чэмпіён БССР: 1937, 1938, 1939, 1945, 1951, 1975.

    Чэмпіянат БССР у сістэме ліг савецкага футбола меў статус спаборніцтва калектываў фізічнай культуры.

    У розыгрышы гэтага турніру, пераважна, выступала моладзь клуба.

    Дынамаўцы 6 разоў станавіліся чэмпіёнамі першынства БССР.

  • Двухразовы ўладальнік Кубка БССР: 1936, 1940.

    Кубкавы футбольны турнір праводзіўся футбольнымі камандамі Беларускай ССР з 1936 па 1991 год. Мінскае "Дынама" двойчы ў сваёй гісторыі станавілася ўладальнікам дадзенага кубка: у далёкіх 1936 і 1940 гадах.

УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА

18.09.2022

Пакуль у Чэмпіянаце Беларусі 2022 г. міжнародная паўза, прапануем узгадаць, як у гэты час гуляла "Дынама" 1982 г.

11 верасня ў Мінску наша каманда прымала маскоўскае "Тарпеда". Пасля перамогі над гэтым супернікам у першым крузе мінчукі ўзначалілі турнірную табліцу чэмпіянату краіны.

Супраць "Тарпеда" 11 верасня дынамаўцы згулялі наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Зыгмантовіч, Янушэўскі, Трухан, Пракапенка (Мельнікаў, 69), Гоцманаў, Пудышаў, Алейнікаў, Гурыновіч, Кандрацьеў (Васілеўскі, 57). Нагадаем, Курненін быў дыскваліфікаваны.

Першыя пятнаццаць-дваццаць хвілін гульня праходзіла спакойна, у сярэднім тэмпе. Каманды прыглядаліся адна да адной. Затым Алейнікаву атрымаўся ўдар па раме, які нібыта паслужыў сігналам да серыі нападаў гаспадароў поля. Далей асабліва грознай была атака, распачатая Пудышавым са штрафнога на 21-ай хвіліне. Яго навясную перадачу галавой прыняў Гурыновіч, але паслаў мяч у штангу. Зыгмантовіч паспеў да мяча раней за брамніка, але прабіў з трох метраў міма брамы. У іншых выпадках, калі ў мінчукоў атрымоўваліся ўдары, бездакорна гуляў брамнік "Тарпеда".

Лік быў адкрыты на 65-ай хвіліне пасля таго, як цэнтральны абаронца масквічоў Жупікаў здзейсніў смелы рэйд ад сваёй штрафной плошчы да чужой і прабіў па браме здалёк. Вяргеенка быў відавочна не гатовы да такога павароту падзей і прапусціў не вельмі цяжкі мяч.

За астатні час так і не ўдалося змяніць лік на табло. Вынік сустрэчы 0:1, і гэта першая параза дынамаўцаў на сваім полі ў гэтым сезоне. Больш за тое, пасля гэтай сустрэчы "Дынама" перамясцілася з першага на другі радок турнірнай табліцы. Лідэрства зараз перайшло да нашых аднаклубнікаў з Тбілісі. Пры аднолькавай колькасці балаў, яны мелі найлепшыя вынікі ў матчах з мінчукамі.

Журналісты пасля сустрэчы пісалі, што гэта параза і папярэдняя нічыя - гэта цяжар лідэрства, які дае аб сабе ведаць і, відаць, пачала адчувацца псіхалагічная стомленасць калектыву. Аднак, час на выпраўленне становішча яшчэ заставаўся.

Наступны матч дынамаўцы правялі 19 верасня ў Краснадары супраць мясцовай "Кубані".

Фота: fc-dynamo.ru