УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
Заўтра наша каманда адправіцца ў Салігорск, 40 гадоў таму "Дынама-Мінск" таксама гуляла ў гэты час на выездзе, супраць "Тарпеда" ў Маскве. Гульня сабрала каля 5 тысяч гледачоў. Перад пачаткам матчу ў Маскве прайшла залева, што прыкметна пагоршыла стан поля.
"Дынама" гуляла наступным складам: Вяргеенка, Трухан, Курненін, Янушэўскі, Шышкін (Румбуціс, 46), Пракапенка, Гоцманаў, Пудышаў, Алейнікаў, Гурыновіч, Кандрацьеў (Зыгмантовіч, 88).
На перапынак каманды пайшлі з нулямі на табло, ішла цяжкая пазіцыйная барацьба, але ніхто з супернікаў так і не здолеў стварыць ніводнага небяспечнага моманту.
У пачатку другога тайма дождж пайшоў зноў, але гэта не перашкодзіла разгарнуцца сапраўднай барацьбе на футбольным полі. На 48-ай хвіліне ўжо мог забіць Гурыновіч, але не патрапіў па браме. На 57-й з далёкай дыстанцыі прабіў Румбуціс, які выйшаў на замену. Дынамаўцы не здаваліся і працягвалі атакі на браму аўтазаводцаў. Падчас адной з гэтых атак "Тарпеда" парушыла правілы непадалёк ад сваёй штрафной плошчы. І на 61-й хвіліне Курненін адкрыў лік са штрафнога. У момант удару сценка, выбудаваная тарпедаўцамі, па незразумелай прычыне разышлася, і мяч уляцеў у браму. Праз тры хвіліны Кандрацьеў, абгуляўшы абаронцаў, застаўся сам-насам з брамнікам тарпедаўцаў Чанавым, але апошні ў гэтым дуэлі выйшаў пераможцам. На 77-й гаспадары поля зраўнялі лік. Атрымаўшы мяч з левага краю штрафной плошчы, Суслапараў дакладным ударам накіраваў яго ў кут брамы Вяргеенкі. Праз пару хвілін тарпедаўцы атрымліваюць яшчэ адзін шанец забіць гол: усё той жа Суслапараў з развароту наносіць удар, але Вяргяенка паспявае зрэагаваць. На апошняй 10-ці хвілінцы "Дынама" зноў атрымала права на штрафны ўдар. Яго з левага флангу прабіў Курненін. Мяч патрапіў да Пракапенкі, і той галавой пераправіў яго ў сетку. Дакладна таксама быў забіты вырашальны мяч у браму ЦСКА тыднем раней. Вынік сустрэчы 1:2
І гэта быў своеасаблівы рэкорд: за 4 гульні з маскоўскімі камандамі, якія прайшлі да гэтага часу, "Дынама" зарабіла 8 з 8 магчымых балаў. Згуляўшы на адзін-два матчы меньш за сваіх праследавацеляў па табліцы, дынамаўцы падняліся з 4-га на 1-ы радок чэмпіянату.
Далей "Дынама" чакаў матч на сваім полі з краснадарскай "Кубанню" - 16 траўня.