З НОВЫМ ГОДАМ!
Шаноўнае спадарства!
Неўзаметку для многіх з нас падышоў да канца 2022 год. Гэты сезон падарыў нашаму клубу мноства памятных падзей: яркія перамогі, важныя даты, выступленні на міжнароднай арэне, прыкрыя паразы і новыя выклікі, якія мы ніколі б не пераадолелі без вашай падтрымкі. На жаль, наш асноўны склад не здолеў заваяваць запаветныя медалі, затое жаночая каманда "Дынама-БДУФК" зноў аформіла залаты хет-трык, стаўшы ўладальніцамі жаночага Кубка і Суперкубка Беларусі, і таксама трохразовымі пераможцамі Жаночай Лігі; дублюючы склад "Дынама" займеў бронзавыя медалі першынства дублёраў, а каманды Акадэміі нашага клуба неаднаразова ўздымалася на пастамент у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах, пацвярджаючы тым самым званне найлепшай футбольнай школы краіны. Усё гэта - найважнейшыя моманты 95-га, юбілейнага, сезону мінскага "Дынама".
Так, сёлета споўнілася роўна 95 гадоў з моманту заснавання ФК "Дынама-Мінск". Таксама прайшло 40 гадоў з не меньш важнай даты - заваяванні чэмпіёнства СССР у 1982 годзе. На працягу ўсяго сезону мы імкнуліся нагадаць аб тым, што зрабіла мінскае "Дынама" адным з найвялікшых футбольных клубаў у беларускай гісторыі. Таксама мы ўвасаблялі новыя крэатыўныя ідэі і цешылі ўсіх "бела-блакітны" добрымі навінамі. Выказваем шчырую падзяку кожнаму за тое, што вы былі з "Дынама" у гэтым няпростым годзе: і ў пераможных момантах, і ў чорнай паласе вы працягваеце падтрымліваць наш клуб. Мы таксама дзякуем усім футбалістам, трэнерскаму штабу, супрацоўнікам клуба і тым, для каго мінскае "Дынама" - не проста словы. Дзякуй, што заўсёды памятаеце, што значыць літара "Д" на грудзях.
Надыходзіць незвычайна цікавы, непрадказальны год, і мы рады ісці да новых дасягненняў і важных падзей. Футбольны клуб "Дынама-Мінск" шчыра віншуе ўсіх з надыходзячымі святамі! Жадаем вам усяго самага найлепшага і пажаданага ў новым годзе.