ПАВЕЛ СЯДЗЬКО - ФУТБАЛІСТ МІНСКАГА "ДЫНАМА"
Мы рады паведаміць, што кантракт з мінскім "Дынама" падпісаў беларускі паўабаронца Павел Сядзько.
Павел нарадзіўся 3 красавіка 1998 года ў Тэльмы-1, з'яўляецца выхаванцам берасцейскага ЦАР, у верасні 2015 года дэбютаваў за асноўны склад "Дынама-Брэст". У пачатку сезону-2019 адправіўся ў арэнду ў берасцейскі "Рух", дзе правёў паўтара года. Усяго за гэтую каманду Павел правёў 36 матчаў, забіў 8 галоў і аддаў 6 галявых перадач.
У ліпені 2020 года футбаліст вярнуўся ў размяшчэнне берасцейскага "Дынама", якое пакінуў восенню наступнага сезону. За "Дынама-Брэст" Сядзько адгуляў 112 матчаў, вызначыўся 18-цю галамі і 13-цю галявымі перадачамі. Наступным клубам паўабаронцы стала маскоўскае "Тарпеда". Вынікам сезону 2021/2022 для аўтазаводцаў стала вяртанне ў РПЛ, аднак гэтым летам Павел пакінуў стан маскоўскай каманды і далучыўся да "Гомеля".
У складзе гомельскага калектыву згуляў у 20 матчах, забіў 4 галы і аддаў 2 галявыя перадачы. Двойчы прызнаваўся найлепшым гульцом Вышэйшай Лігі-2022, у 19 і ў 27 турах. Таксама Павел з'яўляецца гульцом Нацыянальнай зборнай Беларусі, на гэты момант прыняў удзел у 11-ці матчах галоўнай каманды краіны.
Футбольны клуб "Дынама-Мінск" вітае Паўла ў сваіх шэрагах і жадае паспяховай кар'еры ў складзе дынамаўцаў!