НАШЫ Ў ЗБОРНЫХ: ВЫНІКІ ВЫСТУПЛЕННЯЎ ДЫНАМАЎЦАЎ
Завяршыліся матчы зборных нашай краіны. Традыцыйна распавядаем аб выніках выступленняў гульцоў мінскага "Дынама" ў нацыянальных камандах.
У перыяд з 21 па 30 сакавіка "белакрылыя" правялі два таварыскія матчы. Абедзве сустрэчы адбыліся ў Бахрэйне. У першай гульні, супраць каманды Індыі, падапечныя Георгія Кандрацьева атрымалі перамогу з лікам 3:0. Ягор Хаткевіч, Раман Бегуноў і Іван Бахар выйшлі на матч у стартавым складзе. Хаткевіч адгуляў усю гульню, Бахар быў заменены ў пачатку другога тайма, Бегуноў - на 72-й хвіліне. Арцём Быкаў з'явіўся на полі ў другім тайме і вызначыўся забітым голам. Адзначым, што гэта першы гол нашага паўабаронцы ў складзе зборнай Беларусі! Максім Швяцоў застаўся на лаўцы запасных.
У другой таварыскай сустрэчы, супраць зборнай Бахрэйна, перамога таксама засталася за "белакрылымі": беларусы мінімальна абгулялі суперніка (1:0). Арцём Быкаў і Максім Швяцоў прынялі ўдзел у матчы з першых хвілін. Швяцоў адгуляў усю гульню, Быкаў быў заменены на 86-ай хвіліне. На гэтай жа хвіліне на замену выйшаў Іван Бахар, а Ягор Хаткевіч і Раман Бегуноў засталіся ў запасе.
Маладзёжная зборная (U-21) таксама згуляла два матчы. У гульні кваліфікацыі маладзёжнага ЕЎРА падапечныя Сяргея Ясінскага здолелі абгуляць равеснікаў з каманды Кіпра (1:0 на карысць беларусаў). Мікіта Дземчанка і Уладзіслаў Ложкін выйшлі на гульню ў стартавым складзе і адгулялі 79 хвілін. У гэтым матчы нападаючы Уладзіслаў Ложкін вызначыўся галявой перадачай. Дзмітры Латыхоў з'явіўся на 91-й хвіліне. Раман Давыскіба застаўся на лаўцы запасных.
Потым каманда правяла таварыскую гульню супраць зборнай Азербайджана U-21, у якой атрымала перамогу з лікам 3-1. Раман Давыскіба прыняў удзел у матчы са стартавага свістка. А трэці гол у паядынку на рахунку нашага нападаючага Дзмітрыя Латыхова.