УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
Пакуль наша каманда рыхтуецца да матчу ў адказ другога кваліфікацыйнага раунда Лігі Канферэнцый, прапануем узгадаць, як у гэты ж час 40 гадоў таму гуляла мінскае "Дынама".
17 ліпеня "Дынама" прымала на хатняй арэне "Нафтчы" з Баку. Наша каманда згуляла наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Трухан, Янушэўскі, Алейнікаў, Пракапенка (Румбуціс, 69), Гоцманаў, Пудышаў, Мельнікаў (Зыгмантовіч, 39), Гурыновіч, Кандрацьеў.
Ужо на першых хвілінах гульні дынамаўцы маглі адкрыць лік, але спачатку Гурыновіч у выгоднай сытуацыі не змог абгуляць брамніка бакінцаў, а затым Кандрацьеў прабіў вышэй. Не дасягнуў поспеху і ўдар Гоцманава.
І толькі на 12-ай хвіліне мінчукі ўзялі браму гасцей. Алейнікаў зрабіў доўгі рэйд з мячом са сваёй паловы поля да штрафной "Нафтчы", абышоў трох абаронцаў і прабіў дакладна.
Тут жа Кандрацьеў мог павялічыць лік, але трапіў у штангу. У адказ супернік пачаў праводзіць контратакі. У першым сур'ёзным выхадзе да нашай брамы мяч трапіў у перакладзіну. Праз тры хвіліны ўжо Гурыновіч прабівае па браме бакінцаў і таксама трапляе ў перакладзіну. А яшчэ праз тры хвіліны Ахмедаў нечаканым ударам ледзь не з 30 метраў зраўняў лік.
У адказ на гэта Малафееў мяняе Мельнікава на Зыгмантовіча. І замена неўзабаве апраўдвае сябе. За дзве хвіліны да перапынку Зыгмантовіч "закруціў" цудоўную атаку, якую завяршыў Пудышаў. Ён прабівае - і мяч, трапіўшы ў абаронцу "Нафтчы", рыкашэтам улятае ў браму бакінцаў - 2:1.
У другім тайме мінчукі працягнулі атакі, але мяч упарта не ляцеў у раму. Гурыновіч зноў трапіў у перакладзіну. Кандрацьеў не змог абгуляць брамніка. Затым галкіпер гасцей спыніў яшчэ адзін удар Гурыновіча, а затым Пракапенкі.
За сем хвілін да фінальнага свістка абаронца бакінцаў пасля ўдару Гурыновіча быў вымушаны быў спыніць мяч на шляху ў браму рукой. Прызначаны пенальці. Звычайна ролю пенальтыста ў "Дынама" выконваў Пракапенка. Але да гэтага моманту на полі яго змяніў Румбуціс. На вялікае здзіўленне трыбун да мяча выйшаў Вяргеенка. І паставіў кропку ў гульні сваім ударам.
Вынік сустрэчы 3:1. "Дынама" выходзіць на першы радок турнірнай табліцы. А таксама запісвае 900-ы гол у сваю скарбонку ў вышэйшай лізе.
Фота: www.fc-dynamo.ru