Наступны матч Тарпеда-БелАЗ 22.11 (19:10) (г)
Live
BLR
  • Чэмпіён СССР: 1982

    Галоўны поспех у гісторыі нашага клуба — перамога ў чэмпіянаце Савецкага Саюза ў 1982 годзе.

    Барацьба за залатыя медалі вялася да апошняга тура, у якім сталічныя дынамаўцы ўзялі верх над маскоўскім "Спартаком" з лікам 4:3 і здолелі апярэдзіць "Дынама" з Кіева ў турнірнай табліцы ўсяго на адзін бал

  • Сяміразовы чэмпіён Беларусі: 1992, 1992/1993, 1993/1994, 1994/1995 1995, 1997, 2004

    Футбалісты мінскага "Дынама" 7 разоў станавіліся чэмпіёнамі Беларусі.

    У першыя гады беларускай незалежнасці футбалістам "Дынама" не было роўных — 5 разоў запар "бела-сінія" заваёўвалі галоўны нацыянальны тытул. У 1997-м дынамаўцы зноў узняліся на верхнюю прыступку п'едыстала айчыннага элітнага дывізіёна.

    У апошні раз наша каманда станавілася чэмпіёнам краіны ў 2004 годзе.

  • Трохразовы ўладальнік Кубка Беларусі па футболе: 1992, 1993/1994, 2002/2003.

    Тройчы футбалісты мінскага "Дынама" станавіліся ўладальнікамі Кубка Беларусі.

    Двойчы - у самым пачатку станаўлення беларускага футбола (1992 год і сезон 1993/1994), а ў апошні раз - у 2003 годзе.

  • Шасціразовы чэмпіён БССР: 1937, 1938, 1939, 1945, 1951, 1975.

    Чэмпіянат БССР у сістэме ліг савецкага футбола меў статус спаборніцтва калектываў фізічнай культуры.

    У розыгрышы гэтага турніру, пераважна, выступала моладзь клуба.

    Дынамаўцы 6 разоў станавіліся чэмпіёнамі першынства БССР.

  • Двухразовы ўладальнік Кубка БССР: 1936, 1940.

    Кубкавы футбольны турнір праводзіўся футбольнымі камандамі Беларускай ССР з 1936 па 1991 год. Мінскае "Дынама" двойчы ў сваёй гісторыі станавілася ўладальнікам дадзенага кубка: у далёкіх 1936 і 1940 гадах.

УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА

16.07.2022

12 ліпеня 1982 г. завяршылася міжнародная паўза, выкліканая ўдзелам зборнай СССР у Чэмпіянаце свету. З дынамаўцаў Мінска ў ім прыняў удзел Сяргей Бароўскі, а зборная скончыла свой выступ у другім раундзе турніру.

14 ліпеня мінчукі прымалі на сваёй хатняй арэне "Тарпеда" з Кутаісі.

У сустрэчы ўдзельнічалі наступныя дынамаўцы: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Трухан, Зыгмантовіч, Пракапенка, Гоцманаў (Алейнікаў, 76), Пудышаў, Мельнікаў, Кандрацьеў, Васілеўскі (Гурыновіч, 35). Гэты склад супадаў з тым, што быў у каманды ў самым пачатку чэмпіянату, і прывёў да перамог над маскоўскімі "Дынама" і "Спартаком". Аднак змянілася схема: замест пяці абаронцаў, на полі іх было чатыры: Гоцманаў, Курненін, Бароўскі, Трухан, а Пудышаў сышоў у паўабарону.

У гасцей было ўсяго дзве магчымасці ўзяць браму, і яны імі скарысталіся. І мінчукам два разы падчас гульні даводзілася даганяць.

На 8-ай хвіліне тарпедаўцы скарысталіся стратай мяча супернікам і даслалі першы, здавалася, нечаканы для дынамаўскіх абаронцаў мяч з-за межаў штрафной у нашу браму. Праз 6 хвілін Пракапенка ў штрафной плошчы прыняў мяч ад Пудышава і адразу ўразіў браму тарпедаўцаў і аднавіў раўнавагу.

Ціск мінчукоў нарастаў. Да гэтага моманту рэальныя магчымасці забіць не скарысталі Пудышаў, Пракапенка, Кандрацьеў. Уся ўвага дынамаўцаў была накіравана на атаку. З-за гэтага яны са спазненнем вярталіся да сваёй брамы не заўсёды надзейна падстрахоўваючы адзін аднаго. Гэтым і карысталіся госці. Яны зноў атакавалі і на 28-ы найлепшы бамбардзір чэмпіянату - Мегрэладзэ галавой адправіў мяч у браму Вяргеенкі.

У канцы першага тайма Васілеўскага на полі замяніў Гурыновіч. І адразу пасля перапынку даказаў, што замена была дакладная, і ён можа з'явіцца ў патрэбны час у патрэбным месцы. Адбіваючы чарговую хвалю атак, абаронца гасцей вырашыў адбіць мяч далей ад сваей брамы. Але трапіў у Гурыновіча, які стаяў побач з ім. Мяч адрыкашэціў наўпрост у браму гасцей.

Здавалася, сустрэча завершыцца нічыёй. Тарпедаўцы абараняліся і цягнулі час, а гэта іх брамнік нават атрымаў папярэджанне. Але мінчукі змагаліся да канца. За некалькі секунд да фінальнага свістка Курненін зрабіў выдатную перадачу ў штрафную, Кандрацьеў высока скокнуў і прыняў яе, а затым галавой адправіў мяч у "дзявятку".

Вынік сустрэчы 3:2 і мінскае "Дынама" ўмацоўвае свае пазыцыі ў лідзіруючай групе чэмпіянату.

А ўжо 17 ліпеня "Дынама" рыхтавалася прымаць дома "Нефтчы" з Баку. Гэты матч вымушаны быў прапусціць Курненін з-за перабору жоўтых картак.

 

Фота: www.fc-dynamo.ru