УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
9 красавіка 2022 "Дынама-Мінск" правядзе гульню 3 туры чэмпіянату Беларусі супраць "Славіі" з Мазыра. Гульня для нас будзе выязная. Таксама на выезд адправілася наша каманда і ў 1982 годзе.
3 красавіка дынамаўцы гулялі супраць аднаклубнікаў з Тбілісі. І зноў, ужо трэці раз запар, Эдуард Малафееў застаўся верны аднаму і таму ж стартаваму складу гульцоў: Курбыка, Бароўскі, Курненін, Трухан, Шышкін, Пракапенка, Гоцманаў (Л.Румбуціс, 46), Зыгмантовіч, Мельнікаў, Кандрацьеў, Васілеўскі (І .Гурыновіч, 32).
2 тайма атрымаліся вельмі непадобнымі. У першым грузінскай камандзе ўдалося 4 разы ўзяць браму мінчукоў: 2 разы з гульні і 2 разы ў выніку 11-метровых удараў. Было прынята рашэнне ўжо ў першым тайме замяніць Васілеўскага Гурыновічам.
Пасля перапынку на поле выйшла зусім іншая каманда з Мінска. Настрой стаў больш баявым, большую частку часу мінчукі правялі ў атацы. Прызначаны быў і пенальці ў у грузінскі бок, аднак прамахнуўся Пракапенка. Ні Гурыновіч, ні Мельнікаў, ствараючы небяспечныя моманты, не змаглі абгуляць брамніка каманды суперніка. І толькі на апошняй хвіліне Гурыновіч удала пераправіў мяч, перададзены ў штрафную Кандрацьевым. І забіў гол прэстыжу. Вынік сустрэчы 4:1.
Спартыўная прэса пісала, што чакае высноў пасля такой гульні. Чакалі іх і заўзятары.
Далей каманда адправілася ў Арменію. 6 красавіка нас чакаў матч з "Араратам".
У стартавым складзе на поле выйшлі: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Трухан, Шышкін, Пракапенка, Гоцманаў, Зыгмантовіч (Румбуціс, 78), Мельнікаў (Бялоў, 78), Гурыновіч, Кандрацьеў. У адрозненне ад папярэдняга матчу Гурыновіч адразу заняў месца сярод 11-ці першых. Вяргеенка і Курбыка працягвалі змяняць адзін аднаго па чарзе.
На першых хвілінах гаспадары поля ўжо маглі адкрыць лік, але мяч патрапіў у ашэстак. На 27-й хвіліне гол у браму "Арарата" з перадачы Мельнікава забівае Гурыновіч. Таксама ў першым тайме быў небяспечны момант ад Пракапенкі, аднак гаспадароў поля выратаваў брамнік.
Пасля перапынку дынамаўцы перайшлі да абарончай гульні, за якую ўжо не раз іх цкавалі пасля першых двух тураў. У атацы застаўся Гурыновіч. Ён нават забіў яшчэ адзін гол, аднак суддзя вызначыў становішча "па-за гульнёй". Гурыновіч рэзка пракаментаваў гэты эпізод, за што атрымаў папярэджанне. А на 77-ай хвіліне мінчукі парушаюць правілы і "Арарат" параўноўвае лік пасля пенальці. Тут жа Малафееў спрабуе выратаваць гульню і выпускае Румбуціса і Бялова, але лік застаецца нязменным.
У турнірнай табліцы на рахунку "Дынама" з Мінска і "Арарата" захавалася роўнасць - па 5 балаў, і яны дзялілі 6 і 7 радкі.
З такім вынікам "Дынама" вярнулася дадому і чакала ў госці каманду "Чарнаморац" з Адэсы.
Фота: www.fc-dynamo.ru