ЮРЫЙ МАЛЕЕЎ: ПАСЛЯМАТЧАВЫ КАМЭНТАР
Юрый Іванавіч, сёння вас можна павіншаваць з адной з самых галоўных перамог у гэтым чэмпіянаце. Першыя эмоцыі пасля заключнага #GirlsDerby?
- Эмоцыі самыя што ні на ёсць станоўчыя. Так, прапусцілі мы гол пад канец першага тайма, крыху не разабраліся абаронцы і брамніца там. Але нічога страшнага ў гэтым няма, я і ў распранальні ў перапынку аб гэтым сказаў дзяўчатам. Нам трэба было забіць, што мы і зрабілі. У другім тайме цалкам валодалі перавагай, пад канец нам удалася і рэалізацыя. Жадаю сказаць вялікі дзякуй усёй камандзе за гэтую перамогу. Магу таксама сказаць, што дзяўчаты, якія сёння ўвайшлі ў гульню пасля замен, вельмі моцна дапамаглі.
У верасні ў склад "Мінска" прыбыла Салімата Сімпарэ, якая два гады таму выступала ў складзе нашай каманды. Тады яна паказала сябе як выдатная нападаючая, ці былі нейкія перасцярогі з-за гэтага на яе рахунак?
- Мне здаецца, што любы гулец, які выступаў за тую ці іншую каманду і потым які выйшаў супраць яе на поле ў нейкім турніры, будзе даказваць і імкнуцца ісці наперад, тым больш такая футбалістка, як Сімпарэ. Мы меркавалі, што яна будзе дзейнічаць за кошт доўгіх перадач, улічваючы фізічныя якасці і былі да гэтага ў прынцыпе гатовы.
Фармальна для таго, каб захаваць лідэрства ў турнірнай табліцы, нашым дзяўчатам сёння хапіла б нічыёй, але вы напэўна настройвалі каманду толькі на перамогу?
- Ведаеце, я заўсёды ў такіх выпадках кажу: спытаеце лепш у саміх дзяўчат. Як трэнер я магу сказаць што заўгодна, а яны тое, што было на самой справе.
У рамках Жаночай Лігі з "Мінскам" мы згулялі тройчы і ва ўсіх гэтых матчах лік адкрывалі менавіта "гараджанкі". Як вам здаецца, ці моцна дадаў наш супернік у гэтым годзе?
- Не скажу, што ўжо дадаў. У самым пачатку сезону я казаў, што мы страцілі даволі вялікую абойму футбалістак. Тады ж і разважаў аб тым, што нам спатрэбіцца час, каб укаціцца ў новы сезон. Спатрэбілася яго дастаткова шмат, насамрэч. Дзяўчаты з розным узроўнем падрыхтоўкі прыйшлі ў міжсезонне ў "Дынама-БДУФК" і падладзіць усіх пад адзін назоўнік - умацаваць кагосьці фізічна, кагосьці тактычна - на гэта неабходны месяцы. Футбол ёсць футбол, так, прапускалі галы з-за неабавязковых памылак, але гульня з гэтага і складаецца. Па мне супернік застаўся на тым жа ўзроўні, дзе і быў.
Сезон яшчэ не завершаны, але калі пакуль паспрабаваць коратка яго апісаць, ці атрымаўся ён для "Дынама-БДУФК"?
- Вельмі цяжкі сезон выдаецца, даволі энергазатратны. Рана яшчэ падводзіць вынікі, але год дастаткова складаны, і так бывае заўсёды, калі перабудоўваеш калектыў нанова.