ВАДЗІМ СКРЫПЧАНКА: ПАСЛЯМАТЧАВАЯ ПРЭС-КАНФЕРЭНЦЫЯ
Каментары Вадзіма Віктаравіча Скрыпчанкі:
Вадзім Віктаравіч, што можаце сказаць па гульні?
- Зразумела, што настрой не самы лепшы, я б нават сказаў дрэнны. Зразумела, пры ўсёй кароткатэрміновасці перыяду, які мы разам папрацавалі з хлопцамі (3 дні), галоўнае было не перабраць з інфармацыяй, даць менавіта кропкавыя кірункі для таго, каб дабіцца выніку і прайсці ў наступную стадыю.
Што да гульні, то скажу, што ў першым тайме была тэрытарыяльная перавага, якая нам дазваляла кантраляваць мяч, але мы зусім не абвастралі сітуацыю паблізу брамніка суперніка. Здавалася, быццам мы валодаем тэрыторыяй, але пры гэтым мяч у камандных дзеяннях хадзіў павольна, таму недзе нам не хапала прасторы для абвастрэння сітуацыі. У далейшым хацелася б убачыць ад каманды такую гульню, якая была ў другім тайме. Калі пайшоў агрэсіўны напад, калі прэсінг пачаў працаваць. Гэта звязана ў большай ступені з карэктыроўкай у перапынку: трэба было паглядзець, што ў першым тайме адбывалася і потым сёе-тое скарэктаваць, каб дадаць у іншым. Нажаль, ужо пасля першага тайма мы прайгравалі 0:1, прапусцілі на стандартным становішчы - не дапрацавалі. Але ў цэлым, калі абстрагавацца ад выніку, то другім таймам я задаволены.
Зараз важна пераключыцца. Сезон скончаны і неабходна правесці некаторую працу з камандай: зразумець, з кім мы застанемся далей працаваць і з кім, можа, растанемся. Гэта працоўныя працэсы. Ну і як я і казаў, на наступным тыдні пройдзе невялікі збор для моладзі і арандаваных гульцоў мінскага "Дынама". Жадаю з імі пазнаёміцца, каб яны разумелі, што давер і ўвага да іх ёсць, таму што за гэтымі хлопцамі - будучыня нашай каманды.
Ці засмучаныя тым фактам, што каманда не здолела атрымаць перамогу ў ваш дзень нараджэння?
- Ды не, на такія моманты не звяртаю ўвагі. Першым чынам ёсць прафесійная праца, а дзень нараджэння - гэта ўсяго толькі адзін раз у годзе. Я нават пра гэта не думаў і раніцай, прачнуўшыся, быў поўнасцю засяроджаны на гульні, на выніку. Цяпер вядома можна крыху пераключыцца, таму як магчымасці вярнуць сённяшні матч ужо няма. Ну што зробіш, так сталася. Гэта жыцьцё, трэба глядзець наперад. Лічу, што толькі разам з камандай мы здольныя ў такіх сітуацыях аналізаваць, паляпшаць сваю гульню і дабівацца перамог.
Сёння ў матчы не брала ўдзел цэлая група гульцоў асноўнага складу. Ці можна сказаць, што гэта стала прычынай няўдачы?
- Абсалютна не, як мінімум па той прычыне, што сёння гулялі хлопцы, якія рыхтаваліся непасрэдна з першага дня да кубка. Яны ведалі патрабаванні, тэорыю, адпрацоўвалі ўсё на трэніроўках. Са старту маёй працы мы пачалі падрыхтоўку менавіта да той мадэлі гульні, якую хацелі бачыць сёння. Нават калі б да нас нехта дадаўся з тых хлопцаў, хто адсутнічаў у заяўцы, (па розных прычынах; нехта па сямейных абставінах, нехта, як Душан Бакіч, вярнуўся са зборнай напярэдадні) яму было б складана. Вельмі складана спрацаваць якасна, калі не ведаеш, чаго менавіта патрабуе трэнер.
Сёння падалося, што гулец суперніка Канстанцін Котаў адрасаваў гол менавіта вам...
- Гэта нармальна, гэта эмоцыі. Футбаліст такім чынам паказаў, што ён аказаўся ў патрэбным месцы для сваёй каманды. Ён выдатна спрацаваў. Што да мяне, ён жа не пераходзіў ніякай грані дазволенага. Таму ніякіх праблем, усё нармальна. Гэта прафесійная праца.