ВАДЗІМ СКРЫПЧАНКА - ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР ФК "ДЫНАМА-МІНСК"
Мы рады паведаміць, што новым галоўным трэнерам мінскага «Дынама» стаў беларускі спецыяліст Вадзім Віктаравіч Скрыпчанка.
Вадзім Віктаравіч з'яўляецца выхаванцам берасцейскай СДЮШАР №5. Футбольную кар'еру пачынаў у мінскім «Дынама», за каманду «Дынама-93» правёў больш за 100 матчаў. У 1998 годзе перайшоў у футбольны клуб БАТЭ, пасля чаго падпісаў кантракт з маскоўскім ЦСКА.
У 2000 годзе Вадзім Скрыпчанка зноў адправіўся ў БАТЭ (у арэнду), а праз год стаў гульцом «Уралан Эліста». У складзе каманды правёў 20 матчаў. Затым у кар'еры Вадзіма Віктаравіча былі БАТЭ, салігорскі «Шахцёр», «Лакаматыў-96» і пасля - «Савіт». Скрыпчанка таксама быў гульцлм Нацыянальнай зборнай Беларусі, за галоўную каманду краіны згуляў 10 матчаў і вызначыўся 2 галамі. У 2008 годзе спецыяліст завяршыў футбольны этап сваёй кар'еры.
Трэнерскую кар'еру Вадзім Віктаравіч пачаў у якасці асістэнта Віктара Міхайлавіча Ганчарэнкі ў БАТЭ. У 2011 годзе быў прызначаны галоўным трэнерам ФК «Мінск», з якім выйграў Кубак Беларусі ў сезоне 2012/2013, абгуляўшы ў фінале мінскае «Дынама» па пенальці. Таксама прабіўся з «гараджанамі» ў плэй-оф Лігі Еўропы. Наступным клубам Скрыпчанкі стала расійская «Кубань» (працаваў у якасці асістэнта галоўнага трэнера), а ў 2015 годзе ён далучыўся да трэнерскага штаба «Урала» (таксама ў якасці асістэнта).
У верасні сезону-2015 быў прызначаны выконваючым абавязкі галоўнага трэнера ўральскай каманды, а ў канцы таго ж месяца ўзначаліў калектыў. Пад кіраўніцтвам Вадзіма Віктаравіча «Урал» заняў 8-е месца ў РПЛ, што з'яўляецца найлепшым паказчыкам у гісторыі выступленняў клуба ў элітным дывізіёне. Затым Скрыпчанка ўзначаліў «Крылы Саветаў», кіраваў самарскай камандай на працягу паловы сезону. У РПЛ таксама працаваў з «Анжы», пасля чаго адправіўся ў Арменію ў якасці галоўнага трэнера каманды «Арарат-Арменія».
У 2019 годзе Вадзім Віктаравіч вярнуўся ў беларускі чэмпіянат і быў прызначаны галоўным трэнерам «Тарпеда-БелАЗ». У 2020 годзе ўзначаліў каманду «Мінск», дзе заставаўся да канца года. У верасні наступнага сезону зноў вярнуўся ў склад «гараджан», дзе і працаваў да заканчэння цяперашняга чэмпіянату.
Футбольны клуб «Дынама-Мінск» шчыра вітае Вадзіма Віктаравіча і зычыць яму самых сур'ёзных поспехаў у нашых шэрагах!