УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
30 кастрычніка 1982 г. наша каманда сустракалася з "Кайратам" з Алма-Аты. Сустрэча першага круга завяршылася нічыёй - 2:2. Да восені 1982 г. каманды знаходзіліся на розных полюсах турнірнай табліцы, але ад гэтага матч не стаў меньш відовішчным.
Гэтым разам на сваёй хатняй арэне "Дынама" згуляла наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Янушэўскі, Трухан, Пракапенка, Мельнікаў (Гоцманаў, 57), Пудышаў, Алейнікаў (Зыгмантовіч, 75), Кандрацьеў, Васілеўскі.
Дынамаўцы пачалі матч актыўна, адна вострая атака на браму "Кайрата" змяняла іншую, а гала ўсё не было. Чакаючы падобнага сцэнару, у абароне алмаацінцаў дзейнічалі адразу пяць абаронцаў, якія гулялі вельмі старанна, уважліва і ўчэпіста. Але ўсё ж на 31-й хвіліне вялікая перавага гаспадароў увасобілася ў гол. Алейнікаў, увайшоўшы ў штрафную справа, на ілжывым замаху пакінуў ззаду сябе двух абаронцаў і мякка навесіў мяч да супрацьлеглай штангі. Там Курненін галавой дакладна накіраваў мяч у блізкі кут. За пяць хвілін да перапынку ледзь не ў адзінай за тайм контратацы алмаацінцаў адбылося нечаканае. Пасля хуткай атаки "Кайрат" параўноўвае лік - 1:1. Але на гэтым гульня да перапынку не скончылася. На 43-й хвіліне зноў Курненін падключаецца злева ў атаку і наносіць удар. Мяч рыкашэтам ад стойкі ўляцеў у сетку "Кайрата". Яшчэ да перапынку жоўтую картку паспеў атрымаць Трухан.
У другім тайме перавага мінчукоў захавалася, аднак выпадак зноў умяшаўся ў лік гульні. Вяргеенка няўдала выбіў мяч дакладна на суперніка. Бароўскі, які стаяў побач, настолькі асалапеў, што не знайшоў нічога лепшага, як схапіць праціўніка за футболку. Аднак той вырваўся, скарыстаўся нечаканым падарункам і прабіў у неабаронены кут брамы. 2:2. Да фінальнага свістка заставалася 18 хвілін. Прайшлі яны ў бесперапынным штурме брамы "Кайрата". Пудышаў, Пракапенка, Гоцманаў і Зыгмантовіч, Курненін маглі вырашыць лёс матчу. Але дынамаўцы альбо прамахваліся, альбо брамнік алмаацінцаў гуляў беспамылкова. І ўсё ж за некалькі секунд да фінальнага свістка арбітра зноў бліснуў галявым нюхам Курненін. Ён атрымаў мяч перад брамай гасцей, ледзь наблізіўся і нізам міма брамніка накіраваў мяч у сетку. 3:2.
Такім чынам у гэтым матчы абаронца аформіў хет-трык - такое цяжка ўзгадаць у гісторыі чэмпіянатаў краіны - а мінскае "Дынама" захавала лідзіруючую пазіцыю. Да канца чэмпіянату нам заставалася 4 матчы.