УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
16 лістапада 1982 г. мінскае "Дынама" згуляла перадапошнюю гульню чэмпіянату СССР таго года супраць маскоўскіх аднаклубнікаў. З сустрэчы з гэтым супернікам пачынаўся чэмпіянат, тады мінчукі перамаглі 1:0.
16 лістапада каманды гулялі ўжо на сінтэтычным полі комплексу ЦСКА ў Маскве. "Дынама-Мінск" выступала наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Янушэўскі, Зыгмантовіч (Шышкін, 65), Пракапенка, Гоцманаў, Пудышаў, Алейнікаў, Сокал (Гурыновіч, 46), Васілеўскі.
Пачаўшы сустрэчу хутка, манеўрана, мінчукі адразу ж захапілі ініцыятыву, даставіўшы абароне і брамнікам масквічоў масу клопатаў. Лік быў адкрыты ўжо на пятай хвіліне. У штрафной плошчы дакладны ўдар па браме нанёс Сокал - бамбардзір дублюючага складу. Да перапынку мяч яшчэ двойчы пабываў у браме маскоўскага "Дынама". На 26-й хвіліне выйшаў на ўдарную пазіцыю і забіў Васілеўскі. За тры хвіліны да перапынку Пракапенка - імяніннік у той дзень - імкліва прарваўся па левым краі, абышоўшы на хуткасці некалькіх гульцоў масквічоў, выбавіў з ьрамы Уварава і нечакана зрабіў дакладны пас на Гоцманава, хоць мог і стукнуць сам. Той знаходзіўся перад пустой брамай ў адзіноце і без цяжкасці паслаў мяч у сетку - 3:0.
Пасля перапынку наша каманда працягнула ў тым жа духу. На 60-й хвіліне зноў вызначыўся Васілеўскі. Абгуляўшы абаронцаў, ён выйшаў сам-насам з брамнікаў масквічоў, які не змог спыніць мяч - 4:0. Неўзабаве імклівы напад мінчукоў завяршыў Алейнікаў - 5:0. На 81-й хвіліне масквічы недазволеным прыёмам спынілі Гурыновіча, які выйшаў на ўдарную пазіцыю, за што былі пакараныя 11-метровым. Пацярпелы дакладна рэалізаваў пенальці. Дамогшыся такой сур'ёзнай і да таго часу ўжо вырашальнай перавагі, мінскае "Дынама" працягвала весці гульню ў ранейшай манеры. Калі мінаў час гульні, арбітр прызначыў яшчэ адзін 11-метровы ў браму масквічоў. Васілеўскі прабіў дакладна, і лік стаў 7:0. Упершыню ў гісторыі клуба за ўвесь час удзелу ў чэмпіянатах краіны маскоўскія дынамаўцы пацярпелі такую зруйнавальную паразу.
Па выніках гэтага тура як мінімум срэбраныя медалі мінскае "Дынама" сабе забяспечыла. Заключны матч сезону чакаў нашу каманду са "Спартаком", які таксама ўжо ведаў сваю выніковую пазіцыю ў чэмпіянаце - трэцяе месца. Пры гэтым не варта было чакаць лёгкага матчу, для галачкі, ведаючы бескампрамісны байцоўскі характар масквічоў.