УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
23 кастрычніка 1982 г. у сталіцы Азербайджана адбылася сустрэча мінскага "Дынама" і бакінскага "Нафтчы". У сустрэчы першага круга з гэтай камандай "Дынама" атрымала перамогу з лікам 3:1.
На гэты раз мінчукі згулялі наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Янушэўскі, Трухан (Кандрацьеў, 59), Пракапенка, Гоцманаў, Пудышаў, Зыгмантовіч, Гурыновіч (Мельнікаў, 66), Васілеўскі.
Пачалі сустрэчу дынамаўцы ўпэўнена, гулялі шырока. Аднак на 14-ай хвіліне бакінцы адкрылі лік. Мяч, здавалася, пакідае межы поля і нашы абаронцы спынілі барацьбу. Але нападаючы каманды суперніка дагнаў мяч і хутка пераадрасаваў яго Курбанаву, які быў дакладны ў сваім завяршальным удары. Затым на 31-ай хвіліне нядбайна згуляў Янушэўскі, які адбіў мяч проста на нагу Ахмераву. Вяргеенка, як і ў першым выпадку, выратаваць становішча не здолеў. Больш за тое, у браму "Дынама" ледзь не быў забіты яшчэ адзін гол. Бароўскі так зрэзаў мяч у бок уласнай брамы, што ад гола выручыла толькі перакладзіна.
У другім тайме дынамаўцы знайшлі сваю гульню, дзейнічалі шырока, камбінацыйна, і гэта выявілася ў рэзультатыўнасці. Курненін выдатна прайшоў па цэнтры, абгуляў абаронцу і нанёс дакладны ўдар - 1:2. Гэты момант мог стаць пераломным у гульні, дынамаўцам трэба было забіваць яшчэ адзін мяч, але гэтага не здарылася. Наадварот, на 68-й хвіліне няўдала згулялі абаронцы: Аліеў, прайшоўшы па фланзе, нанёс рэзкі прастрэльны ўдар, рыкашэт ад нагі абаронцы, і мяч уляцеў у браму Вяргеенкі. На 77-й хвіліне Зыгмантовіч скараціў разрыў у ліку, але пераламаць гульню на сваю карысць мінчукам так і не ўдалося за час, які застаўся.
Хоць дынамаўцы і прайгралі, але першы радок у табліцы захаваўся за імі. А 27 кастрычніка нашу каманду чакаў прапушчаны матч з кіеўскімі аднаклубнікамі.