УЗГАДВАЕМ ЧЭМПІЯНАТ 1982 ГОДА
Сёння ўзгадаем два восеньскіх хатніх матчы нашай каманды супраць харкаўскага "Металіста" і днепрапятроўскага "Дняпра".
Першы адбыўся 2 кастрычніка. У першым крузе "Дынама" сатупіла "Металісту" 1:2.
На гэты раз "Дынама" згуляла наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Янушэўскі (Зыгмантовіч, 69), Трухан, Румбуціс, Гоцманаў, Пудышаў, Мельнікаў (Бялоў, 64), Кандрацьеў, Васілеўскі. У матчы супраць "Металіста" мінчукі гулялі без лідара атак Гурыновіча, які атрымаў другое папярэджанне ў папярэдняй гульні. Таксама матч прапусціў Пракапенка.
На першай хвіліне гаспадары правялі на браму "Металіста" імклівую контратаку, якая магла скончыцца голам. Васілеўскі пяткай адкінуў мяч Румбуцісу, і той прабіў у блізкі кут, які надзейна прыкрыў рамнік гасцей. У цэлым з самага пачатку сустрэчы "Дынама" выглядала больш упэўнена. І заканамерна на 22-й хвіліне дабілася поспеху - з правага фланга адбылася нацэленая перадача ў цэнтр штрафной харкаўчан. Шматхадовую камбінацыю, у якой бралі ўдзел Васілеўскі, Гоцманаў, Курненін, Мельнікаў, метраў з трынаццаці завяршыў Васілеўскі. Гэты гол, быў не з класічных: мяч закрануў кагосьці з харкаўчан і змяніў напрамак дакладна ў браму. У канцы першага тайма каля брамы "Металіста" ледзь было не дацягнуўся да мяча Румбуціс, а затым з лініі брамавай пляцоўкі ў штангу трапіў Васілеўскі. У цэлым у першым тайме пасля гала мінчукі падалі на вароты "Металіста" восем кутніх, аднак ніводзін з іх не быў выкарыстаны.
Пасля перапынку харкаўчане перабудавалі гульню, сталі атакаваць часцей і стварылі некалькі рэальных пагроз каля брамы Вяргеенкі. Напрыклад, на 59-й хвіліне наш брамнік толькі ў падзенні нагамі здолеў адбіць мяч. У цэлым у другім тайме Вяргеенка тройчы запар выратоўваў каманду ў цяжкіх становішчах. А за дзесяць хвілін да фінальнага свістка харкаўчане, ліквідуючы небяспеку, адбілі мяч дакладна на Курненіна, які набягаў. Той ударам метраў з трыццаці паслаў мяч пад перакладзіну. Вынік сустрэчы - 2:0.
Наступная дамашняя гульня "Дынама" адбылася 6 кастрычніка. У першым крузе наша каманда перамагла "Днепр" з лікам 3:1.
6 кастрычніка "Дынама" згуляла наступным складам: Вяргеенка, Бароўскі, Курненін, Янушэўскі, Трухан, Пракапенка, Гоцманаў (Бялоў, 83), Пудышаў, Румбуціс, Кандрацьеў (Зыгмантовіч, 65), Васілеўскі.
Госці да гэтага моманту чэмпіянату вычарпалі ліміт нічыіх і аддалі перавагу дзеянням ад абароны. Увесь матч яны трымалі ў абароне не меньш за сем гульцоў, контратакуючы малымі сіламі. Таму нядзіўная перавага "Дынама" з першых хвілін. На 6-й хвіліне толькі вокамгненная рэакцыя брамніка выратавала "Днепр". Кандрацьеў прабіў галавой з лініі штрафной. Затым вострыя моманты каля брамы "Дняпра" ўзнікалі адзін за адным. Але шлях у браму мяч так і не знайшоў, у чым, зноў жа, вялікая заслуга галкіпера "Дняпра" Кансевіча. А госці за ўвесь першы тайм, выключаючы адзін удар з далёкай дыстанцыі, ніякіх спроб узяць браму "Дынама" не зрабілі.
Пасля перапынку гульня абвастрылася. Футбалісты "Дняпра" адразу ж ствараюць два небяспечныя моманты каля брамы мінчукоў. У першым выпадку Вяргеенка ўдаецца перавесці мяч на кутні, а ў другім - абаронцы выбіваюць яго з лініі брамніцкай пляцоўкі. Тут жа дынамаўцы праводзяць замену. Замест Кандрацьева на поле выходзіць паўабаронца Зыгмантовіч. Перабудаваўшы свае шэрагі, мінчукі вылучылі на вастрыі атакі актыўнага Гоцманава, які ўсё часцей пачаў займаць месца ў лініі нападу разам з Пракапенкам.
Лёс матчу быў вырашаны на працягу дзвюх хвілін. Спачатку Пракапенка з Зыгмантовічам узорна разгулялі "сценку", у выніку чаго Пракапенка спакойна закаціў мяч у ніжні кут брамы "Дняпра". Праз дзве хвіліны ў Гоцманава атрымаўся хуткасны дрыблінг, які ён завяршыў моцным і дакладным ударам. У астатнія 18 хвілін мячом валодалі толькі дынамаўцы. Вынік сустрэчы - 2:0.
Далей у футбалістаў быў невялікі перапынак у чэмпіянаце СССР. Зборная выступала на першынстве Еўропы. Наступны матч адбыўся 17 кастрычніка. Дынамаўцам Мінска заставалася правесці сем гульняў.
фота: www.fc-dynamo.ru