ЭДУАРДУ МАЛАФЕЕВУ - 80 ГАДОЎ
Сёння славутаму ветэрану мінскага «Дынама», вялікаму трэнеру і легендзе айчыннага футбола Эдуарду Васільевічу Малафееву споўнілася 80 гадоў!
Немагчыма назваць другога такога чалавека ў гісторыі мінскага «Дынама» і ўсяго беларускага футбола. Эдуард Васільевіч патрапіў у склад бела-блакітных у далёкім 1963 годзе, перайшоўшы ў «Дынама» з маскоўскага «Спартака». У той жа год дынамаўцы другі раз у гісторыі выйгралі бронзавыя медалі Чэмпіянату СССР, а сам Малафееў стаў другім бамбардзірам чэмпіянату.
Усяго Эдуард Васільевіч Малафееў у складзе нашага клуба правёў больш за трыста матчаў у розных турнірах і забіў 117 галоў, заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату СССР 1963 года, выступаў у фінале Кубка СССР 1965 года, стаў заслужаным майстрам спорту СССР! У складзе зборнай Савецкага Саюза ён выйграў срэбныя медалі Чэмпіянату Еўропы 1964 года ў Гішпаніі і заняў 4-е месца на Чэмпіянаце Свету 1966 года ў Англіі.
Эдуард Васільевіч - чалец сымбалічнага Клуба бамбардзіраў ім. Рыгора Фядотава, які аб'ядноўвае савецкіх футбалістаў, якія забілі больш за 100 мячоў на вышэйшым узроўні. Пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева, заслужанага трэнера СССР і БССР, мінскае «Дынама» выйграла чэмпіянат СССР 1982 года і стала бронзавым прызёрам у 1983 годзе.
Наш ветэран узначальваў алімпійскую і нацыянальную зборную СССР, вывеў нацыянальную зборную СССР на чэмпіянат свету па футболе 1986 года. Быў галоўным трэнерам Нацыянальнай каманды Беларусі. Менавіта пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева зборная дасягнула найлепшага выніку за сваю гісторыю - у адборачным цыкле чэмпіянату свету-2002 "белакрылыя" ледзь не выйшлі ў стыкавыя матчы, заняўшы трэцяе месца ў групе.
Кіраўніцтва, супрацоўнікі, гульцы і трэнеры ФК «Дынама-Мінск», а таксама заўзятары «Дынама-Мінск» дзякуюць Эдуарду Васільевічу за шчырую любоў да клуба і адданасць футболу. Мы віншуем Эдуарда Васільевіча Малафеева з днём нараджэння, жадаем славутаму футбалісту і трэнеру моцнага здароўя, невычэрпнага аптымізму, доўгіх гадоў жыцця!
Дзякуй за ўсё, што вы зрабілі для мінскага «Дынама» і працягваеце рабіць дагэтуль.
З Днём нараджэння!