95 ГАДОЎ - З ДНЕМ НАРАДЖЭННЯ, ДЫНАМА!
З днём нараджэння, родны клуб! Роўна 95 гадоў таму, 18 чэрвеня 1927 года, мінскае «Дынама» правяло свой першы афіцыйна зарэгістраваны матч.
Мінскае «Дынама» чэмпіён СССР, двухразовы фіналіст Кубка СССР, трохразовы бронзавы прызёр чэмпіянату СССР, удзельнік чвэрцьфінальных паядынкаў розыгрышаў Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў, Кубка УЕФА, Кубка ўладальнікаў кубкаў. Сяміразовы чэмпіён Беларусі. Старонкі нашых перамог ведае кожны беларускі футбольны заўзятар, а сам клуб вядомы далёка за межамі радзімы.
Мы ганарымся нашай гісторыяй, нашымі славутымі ветэранамі, якіх памятаем і шануем. З нашай літарай «Д» заўсёды будуць звязаны імёны такіх выдатных футбалістаў як Анатоль Ягораў і Генадзь Хасін, Іван Савосцікаў і Генадзь Абрамовіч, Эдуард Малафееў і Міхаіл Мустыгін, Эдуард Зарэмба і Аляксандр Пракапенка, Юры Курненін і Сяргей Алейнікаў, Сяргей Гоцманаў і Юры Пудышаў, Уладзімір Журавель і Валянцін Бялькевіч і шмат, шмат іншых.
Сёння мы віншуем усіх мінчукоў, усіх заўзятараў нашага клуба на прасторах Беларусі і за яе межамі, віншуем футбалістаў і трэнераў - усіх тых, у чыім жыцці «Дынама» займала і будзе займаць пэўнае месца. Віншуем кожнага, хто працуе ў структуры мінскага «Дынама» і гаворым вялікі дзякуй за штодзённую працу, дзякуючы якой клуб развіваецца і ідзе толькі наперад. Наша бела-блакітная сям'я стала домам для многіх неабыякавых да футбола і так будзе і надалей.
Прайшло 95 гадоў розных падзей, але нязменным застаецца адно: кожны з нас верыць у поспехі клуба і працягвае перажываць за яго! Жадаем моцнага здароўя ўсім тым, хто працуе на славу і гонар нашага «Дынама». Футбалістам і футбалісткам, якія зараз выступаюць за наш клуб, жадаем гонару і адданасці дынамаўскім традыцыі, а таксама літары, якая красуецца на вашых грудзях! Памятайце пра слаўную гісторыю нашага Вялікага клуба, пра тыя прынцыпы, якія закладвалі нашы легендарныя ветэраны шмат гадоў таму. Віншуем з гэтай датай і наш любімы горад, бо «Дынама» для Мінска - гэта значная частка гісторыі горада.
Мы гаворым дзякуй кожнаму, хто верыць у нас, падтрымлівае і любіць бела-блакітны футбол, бо мінскае «Дынама» - гэта больш, чым клуб. І мы абавязкова зробім усё, каб ён стаў толькі лепшым. З днём нараджэння цябе, нашае «Дынама».
95 гадоў - усё толькі пачынаецца!