НАШЫ Ў ЗБОРНЫХ: ВЫНІКІ ВЫСТУПЛЕННЯЎ ДЫНАМАЎЦАЎ
Завяршыліся матчы зборных нашай краіны. У перыяд з 2 па 8 верасня «Белакрылыя» правялі тры матчы ў рамках кваліфікацыі ЧС-2022 года. Першую гульню, супраць зборнай Чэхіі, выхаванцы Георгія Кандрацьева згулялі 2 верасня і, на жаль, мінімальна саступілі ў ёй (выніковы лік 0-1 на карысць сапернікаў). Максім Швяцоў і Уладзіслаў Клімовіч выйшлі ў стартавым складзе, Арцём Быкаў з'явіўся на полі на 64-ай хвіліне, замяніўшы Уладзіслава (Швяцоў быў заменены на 89-ай хвіліне сустрэчы).
У нядзелю, 5 верасня, Нацыянальная зборная правяла баявы матч супраць Уэльса, у якім, на жаль, згубіла нічыю на апошніх хвілінах. Усе дынамаўцы прынялі ўдзел у матчы з першых хвілін сустрэчы і адгулялі ўсю гульню.
Учора ж быў згуляны заключны матч супраць каманды Бельгіі, дзе беларускай зборнай таксама не ўдалося спазнаць перамогі: нашы футбалісты саступілі з лікам 0-1. Максім Швяцоў, Арцём Быкаў і Уладзіслаў Клімовіч таксама адгулялі ўвесь матч.
Маладзёжная зборная (U-21) згуляла два матчы ў рамках кваліфікацыі маладзёжнага ЕЎРА: супернікамі сталі каманды Ісландыі і Партугаліі. У матчы супраць ісландскай каманды хлопцы не змаглі перагуляць суперніка і саступілі з вынікам 1-2. Уладзіслаў Ложкін выйшаў на поле ў стартавым складзе і быў заменены на 64-ай хвіліне. Гульня супраць Партугаліі таксама завяршылася паразай - адзіны мяч гаспадары забілі з пенальці. Уладзіслаў таксама згуляў з першых хвілін і быў заменены на 66-ай хвіліне матчу.
Юніёрская зборная (U-19) правяла два кантрольныя спарынгі супраць каманды Расіі U-18. У першай сустрэчы беларусы здолелі зраўняць лік на апошняй хвіліне і завяршыць гульню з лікам 3-3. У гэтым паядынку дублем адзначыўся наш нападаючы Дзмітры Латыхоў. На 67-й хвіліне форвард рэалізаваў пенальці, а потым забіў другі мяч на 87-ай хвіліне. У матчы таксама прыняў удзел паўабаронца дублюючага складу Іван Хавалко - ён з'явіўся на полі на 59-ай хвіліне.
Другая гульня скончылася мінімальнай паразай каманды Уладзімера Карыцькі (0-1 на карысць суперніка). Дзмітры Латыхоў выйшаў на поле ў стартавым складзе і быў заменены Іванам Хавалко ў пачатку другога тайма.