Вiцебск - Дынама-БДУФК. Каментары галоўнага трэнера
Юры Іванавіч, упершыню ў Жаночай Лізе наша каманда сустракалася з суперніцамі з «Віцебску». Якія вашы ўражанні ад матчу?
- Як вам сказаць ... Калі казаць пра якасць гульні, не пра байцоўскія моманты, не пра самааддачу, а менавіта пра якасць, то матч мне не спадабаўся. Растлумачу чаму: зразумелая справа, у нас узнікаюць пэўныя цяжкасці, калі ўсёй камандай бараніліся ў сваёй штрафной, але тут яшчэ ў нас і асвойваецца новы гулец на левым фланзе (Ндзана Фгег), таксама выйшла Ціхаводава Крысціна, якая таксама прапусціла досыць шмат гульнявога часу. Вікторыя Валюк адгуляла не зусім так, як хацелася б у гэтым матчы. Ну і вядома наш біч ў выглядзе рэалізацыі нікуды не дзеўся, не ведаю пакуль, як яго выправіць, хутчэй за ўсё толькі шляхам прыцягнення больш вострага і агрэсіўнага нападніка.
Замянілі вы Крысціну Ціхаводаву ўжо на 30-ай хвіліне матчу ...
- Так, як я і казаў, яна ўпершыню выйшла за доўгі час, і я спадзяваўся, што яна здолее адразу ўвайсці ў гульню, але не атрымалася ў гэтым матчы, таму зрабілі замену.
Па-за заяўкай на матч засталіся Карына Альховік і Настасся Шлапакова, гэта звязана з ратацыяй?
- Сапраўды, Наталля Мунцяну адсутнічала з гэтай жа нагоды. Трэба даць магчымасць праявіць сябе і іншым футбалісткам, паглядзець, як яны спраўляюцца, таму далі некаторым дзяўчатам адпачынак.
Яшчэ адзін пачатковец каманды дэбютаваў на поле, гэта абаронца Цаджыя Далорэс Луіза. Як ацэніце яе першы матч?
- Цяжка сказаць, выйшла яна толькі на заключных хвілінах, але Далорэс Луіза - гулец сваёй нацыянальнай зборнай, гэта ўжо шмат пра што кажа. Паглядзім, як будзе праяўляць сябе ў далейшым, пакуль дакладнага адказу даць не магу.