Сяргей Карніленка завяршыў гульнявую кар'еру.
Сёння ў Самары ў рамках 41-га тура «Алімп-ФНЛ» прайшла сустрэча паміж мясцовым клубам «Крылы Саветаў» і «Краснадар-2». Самарскі клуб нанёс разгромную паразу саперніку з лікам 6:0. Здавалася б, якім бокам гэтая навіна ставіцца да мінскага «Дынама»? Калі вы да гэтага часу не ў курсе, то выклікаем тлумачальную брыгаду!
На 83-й хвіліне матчу на поле выйшаў 37-гадовы нападаючы «крылцаў» Сяргей Карніленка. Праз хвіліну дзеючы спартыўны дырэктар клуба забіў шосты мяч у браму «быкоў» і ўсталяваў канчатковы лік на табло - 6:0. У апошні раз «Карніла» выходзіў на поле больш за два гады таму (5 траўня 2019 г.), але сённяшні матч стаў заключным у кар'еры аднаго з лепшых нападнікаў у сучаснай гісторыі беларускага футбола.
Карніленка нарадзіўся ў Віцебску ў 1983 годзе, і свой шлях у вялікім футболе пачынаў у родным горадзе. Ужо ва ўзросце 16 гадоў Сяргей дэбютаваў у Вышэйшай лізе за «Лакаматыў-96», а праз год падпісаў кантракт з мінскім «Дынама».
Дэбют за галоўную каманду бела-блакітных здарыўся 31 траўня 2002 года, калі форвард выйшаў на замену напрыканцы матчу супраць жодзінскага «Тарпеда». З тых часоў Карніленка згуляў за мінскае «Дынама» ў 52-х матчах, у якіх забіў 25 галоў і аддаў 9 выніковых перадач. На рахунку нападніка два хет-трыка, што характэрна - абодва ў браму «Дарыды».
15 студзеня 2004 года адзін з галоўных талентаў беларускага футбола падпісаў кантракт з кіеўскім «Дынама». З тых часоў нападаючы пачаў свой доўгі легіянерскі шлях: «Дынама» (Кіеў), «Днепр» (Днепрапятроўск), «Томь», «Зеніт», «Рубін». У студзені 2011 года Карніленка на правах арэнды перайшоў у клуб англійскай Прэм'ер-лігі - «Блэкпул», а ў канцы жніўня таго ж года форвард падпісаў паўнавартасны кантракт з «Крылы Саветаў», дзе беларус і стаў сапраўднай легендай: 206 матчаў, 57 галоў і 19 галявых перадач.
У складзе нацыянальнай зборнай Беларусі Сяргей Карніленка згуляў у 78-ці матчах, у якіх забіў 17 галоў. У складзе маладзёжнай зборнай форвард удзельнічаў на маладзёжным Чэмпіянаце Еўропы ў 2004 годзе, а праз 8 гадоў прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях.
Так, Сяргей Аляксандравіч па праву стаў сапраўднай легендай на берагах Волгі, але мы заўсёды будзем памятаць пра тыя матчы, якія Карніленка правёў у складзе мінскага «Дынама», дзе Сяргей стаў уладальнікам Кубка Беларусі ў 2003 годзе.
Кар'ера на футбольным полі завершана, але галоўныя перамогі наперадзе, і мы шчыра жадаем Сяргею Аляксандравічу поспехаў і ўсяго самага найлепшага!