Дынама-БНТУ - плэй-оф: 1/8 фіналу. 1 матч
Пятнічным вечарам дынамаўцы стартавалі ў плэй-оф. У 1/8 фіналу ў супернікі дасталася «Ліда». «Дынама-БНТУ» не пакінула суперніку шанцаў. Серыя працягнецца да дзвюх перамог.
З лідчукамі падапечныя Дзмітрыя Бароўскага гулялі зусім нядаўна - у заключным туры рэгулярнага чэмпіянату. Перамаглі 4:3. Аднак у першым крузе была параза з лікам 0:3. Адпаведна, нягледзячы на больш высокае месца, аб недаацэнцы не было і гаворкі. З першых секунд пачалі звышактыўна - разгулялі камбінацыю, пасля якой ужо раней забівалі. Задумка прайшла. Шкада, на завяршальнай стадыі да мяча не дацягнуўся Шыла - ішла 8-я секунда.
Але гол наспяваў. Ён здарыўся, калі табло адлічыла 5.10. Пры розыгрышы аўту на завяршэнне вывелі Абрамчука. Гаспадары насядалі і далей. Аднак роўна ў сярэдзіне тайма здарыўся правал. Мінчукі не паспелі вярнуцца, Зедзелашвілі хутка ўвёў мяч з аўту, Палякова ніхто не падстрахаваў, і Кандратовіч расстрэльваў пустую браму.
Праз дзве хвіліны статус-кво быў адноўлены - Абрамчук выдаў класную перадачу на Беланожку. Гульня працягнулася ў вострым з абодвух бакоў ключы - кожная з каманд атакавала, таму ў брамнікаў было шмат працы.
Ключавым адрэзкам стала канцоўка тайма. На працягу хвіліны двойчы скарысталіся памылкамі суперніка. Пасля перапынку госці пачалі гуляць з «ганялай». Але мінчукі хутка забілі. А далей - панеслася! Да канца матчу паспелі набіць лідчукам, якія працягнулі рызыкаваць, дзесятак. Чатыры мячы - у пустую браму. Адзінае засмучэнне, у Лідзе не згуляе Дзмітры Палякоў - выдаленне на роўным месцы. А ў цэлым, каманда на хаду і гатовая згарнуць горы.
Наступны матч пройдзе ў Лідзе 11 траўня.
***
ДЫНАМА-БНТУ (Мінск) - ЛІДА (Ліда) - 10:2 (4:1)
Мінск. 7 траўня. Спорткомплекс «Палітэхнік». 100 гледачоў. Пачатак у 19.00.
Суддзі: Анатолі Усцюжанін (Гомель), Анатолі Валынец (Орша). Трэці суддзя: Яўгені Патапчук (Мінск).
Інспектар: Віталі Ракуцкі (Мінскі р-н).
Дынама-БНТУ: Дзмітры Палякоў (з 23.19 - Максім Трафімовіч (к)); Іван Ноўскі - Іван Драздоў - Мікіта Драбышэўскі - Уладзіслаў Шыла; Мікіта Гарбукоў - Раман Беланожка - Артур Абрамчук - Аляксей Якубаў; Антон Нячаеў, Вадзім Марцінкевіч, Антон Паповіч, Сяргей Кузьміч.
Ліда: Васілі Бялоў (з 0.07 - Аляксей Хадыка); Алег Петрушэўскі - Нікалаз Зедзелашвілі (к) - Артур Кандратовіч - Арчыл Себіскверадзэ; Віктар Жэбрык - Аляксандр Лапата - Аляксандр Навакунскі - Сяргей Сініцкі; Эдвард Бянкевіч.
Запасныя: Арцём Струкель, Ігар Зубко.
Галы: 1:0 - Абрамчук (5.10, пас - Беланожка). 1:1 - Кандратовіч (9.58, пас - Зедзелашвілі, з аўту). 2:1 - Беланожка (11.49, пас - Абрамчук). 3:1 - Горбукоў (18.54, пас - Марцінкевіч). 4:1 - Марцінкевіч (19.58). 5:1 - Марцінкевіч (21.11, пас - Палякоў). 6:1 - Жэбрык (28.57, у сваю браму, пас - Ноўскі, з аўту). 7:1 - Нячаеў (29.36, п.б.). 7:2 - Себіскверадзэ (33.40, пас - Кандратовіч, 5х4). 8:2 - Драбышэўскі (36.01, п.б.). 9:2 - Беланожка (36.37, п.б.). 10:2 - Трафімовіч (36.53, п.б.).
Папярэджанні: Абрамчук (17.33, грубая гульня) - Кандратовіч (12.47, неспартыўныя паводзіны), Себіскверадзэ (23.07, грубая гульня).
Выдаленне: Палякоў (23.18, затрымка суперніка рукамі - фол апошняй надзеі).
Фалы: 3-5, 6-2.
Нерэалізаваны 10-метровы: Петрушэўскі (38.44 - брамнік).