ЗОРНЫ МЯЧ-2021 ВЫНІКІ СЕЗОНУ
Учора адбылося афіцыйнае падвядзенне вынікаў усяго футбольнага сезону ў Беларусі. У сталічнай "Astoria Riverside" па выніках двухгадзіннага мерапрыемства былі аб'яўлены пераможцы ў індывідуальных, а таксама ў камандных намінацыях.
У жаночым футболе зноў галоўнымі хэдлайнерамі сталі футбалісткі мінскага "Дынама". Прадстаўнікі "Дынама-БДУФК" здолелі забраць 6 з 7 намінацый: найлепшай брамніцай чэмпіянату Беларусі была прызнана Наталля Мунцяну, найлепшымі абаронцам і паўабаронцам сталі Настасся Новікава і Настасся Ліннік. Найлепшымі бамбардзірамі лігі з 33 забітымі галамі сталі адразу тры футбалісткі: Карына Альховік, Кацярына Дудко і Мелана Сураўцава. Трэнерам года стаў Юры Іванавіч Малееў, які прывёў сваіх падапечных да перамог у чэмпіянаце, Кубку і Суперкубку краіны. Ну а гульніцай года ў чэмпіянаце Беларусі таксама стала наша Настасся Ліннік.
А найлепшай футбалісткай Беларусі была прызнана наш паўабаронца Ганна Піліпенка, якая аформіла залаты дубль з "Дынама-БДУФК" і выступае за нацыянальную зборную Беларусі. Віншуем Ганну з абсалютна заслужанай узнагародай.
Па выніках сезону "Беларусбанк-Вышэйшая Ліга 2021" індывідуальную намінацыю атрымаў Андрэй Бацула як найлепшы абаронца чэмпіянату, які стаў таксама і найлепшым асістэнтам лігі (12 галявых перадач у 29 матчах). Віншуем і зноў дзякуем футбалісту за паспяховы сезон у мінскім "Дынама".
Наш клуб стаў уладальнікам і некалькіх камандных намінацый. Так, у скарбонку бела-блакітных трапіў Прыз "Справядлівай гульні". Яшчэ адзін прыз, які дастаўся мінскаму "Дынама" - намінацыя "Двума складамі", дзе пераможцам становіцца тая каманда, якая набрала максімальную сумарную колькасць балаў у рамках розыгрышу чэмпіянатаў асноўнага і дублюючага складаў. Узнагароду атрымаў генеральны дырэктар клуба - Андрэй Валер'евіч Талмач.
Таксама былі абвешчаны сімвалічныя зборныя чэмпіянатаў. У каманду «А» трапілі двое дынамаўцаў: Антон Пуціла і Андрэй Бацула. Аляксандр Сялява апынуўся ў складзе каманды «Б».
Мы дзякуем усім, хто правёў з намі сезон-2021 і падтрымліваў нас, нягледзячы ні на што. Наперадзе каманды чакае міжсезонне, а нашых заўзятараў мноства займальных навін, якімі мы парадуем ужо ў бліжэйшы час.