ДАБРАЧЫННЫ ТАВАРЫСКІ МАТЧ
Сезон-2021 падышоў да канца, але з футболам сёлета мы яшчэ не скончылі. І з гэтай нагоды ў нас для вас ёсць проста выдатная навіна!
У наступную суботу (11 снежня) на стадыёне "Дынама-Юні", у 13:00, адбудзецца дабрачынны таварыскі матч. Удзел у ім прыме каманда дынамаўцаў: ветэраны, дзейныя гульцы нашага клуба і трэнеры акадэміі; другім калектывам стане каманда футбольных блогераў ФК INFORM. Сярод іх Уладзіслаў Хаванскі («Высокі футбол»), Макс Далінаў, Андрэй Белавусаў, Аляксей Сіняўскі і многія іншыя. Напярэдадні матчу будзе апублікаваны поўны склад абедзвюх каманд.
Што ж за нагода? Як вядома, заўзятары мінскага «Дынама» традыцыйна кожны снежань адпраўляюцца ў Дзяржынскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, што знаходзіцца ў пасёлку Станькава, каб падтрымаць выхаванцаў цэнтра. За доўгія гады мінскае «Дынама» стала родным для мясцовых хлопцаў. У гэтым годзе аб'яўлены збор сродкаў на дапамогу сацыяльна-педагагічнаму цэнтру - з гэтай мэтай і арганізоўваецца суботняя гульня, а каманда ФК INFORM з радасцю падтрымала дадзеную ініцыятыву. Усе сродкі, сабраныя на гэтым матчы, будуць накіраваны на добраўпарадкаванне цэнтра.
Дадзеная падзея - выдатная магчымасць сустрэцца ў міжсезонне ў дынамаўскім коле, а таму мы запрашаем усіх наведаць нашае мерапрыемства і зраіць свой невялікі ўнёсак у добрую і вельмі важную справу. Звяртаем увагу, што ўваход на матч будзе абсалютна бясплатны. Абавязкова прыходзьце і правядзіце час сярод бела-блакітнай сям'і.