АДБЫЎСЯ ДАБРАЧЫННЫ ТАВАРЫСКІ МАТЧ
У суботу, 11 снежня, на стадыёне "Дынама-Юні" адбылося важнае мерапрыемства - дабрачынны таварыскі матч. Удзел у ім узяла зборная каманда мінскага "Дынама", а таксама блогеры ФК "Inform". Распавядзем падрабязней пра добрую справу, дзеля якой і арганізоўвалася гульня.
Кожны год нашы заўзятары традыцыйна аказваюць падтрымку "Дзяржынскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру", які знаходзіцца ў пасёлку Станькава. Хлопцы імкнуцца дапамагаць як зносінамі, клопатам, так і фінансава. У гэтым годзе быў аб'яўлены збор сродкаў для добраўпарадкавання цэнтра і, каб здолець сабраць усю неабходную суму, было вырашана арганізаваць спецыяльнае мерапрыемства: дабрачынны таварыскі матч. У дзень гульні кожны ахвочы мог пакінуць любую суму, а таксама паўдзельнічаць у латарэі і дабрачынным аўкцыёне. Таксама госці маглі набыць смачныя прысмакі або напоі - усе сабраныя з мерапрыемства грошы накіроўваліся на дапамогу цэнтру і дзецям.
Сам матч атрымаўся не меньш цікавым: каманда блогераў ФК "Inform" з радасцю паўдзельнічала ў добрай ініцыятыве і выйшла на футбольнае поле супраць зборнай "Дынама", якая складалася з гульцоў, трэнераў і экс-футбалістаў клуба. У зборную ўвайшлі Аляксандр Марцёшкін, Людас Румбуціс, Андрэй Лаўрык, Дзмітры Пархачоў, Арцём Быкаў, Максім Швяцоў, Сяргей Канцавы, Станіслаў Шыраеў, Юрый Поклад, Віктар Сокал і Ігар Варанкоў. На дапамогу гульцам таксама адправіліся Аляксандр Скакалін, Руслан Камейша, Вадзім Ласоўскі, Уладзімір Барысенка, Аліна Харашчак і супрацоўнікі мінскага "Дынама". Ну а на трэнерскім мастку камандай таксама кіраваў заслужаны дынамавец, зараз работнік селекцыйнага аддзела клуба - Ігар Мікалаевіч Гурыновіч. Ніхто не застаўся абыякавым, і ўсе ахвотна пагадзіліся дапамагчы заўзятарам у такой важнай справе.
Наш клуб таксама выказвае вялікую падзяку арганізацыям, якія ўнеслі свой важны ўнёсак у дабрачынную акцыю і паўдзельнічалі ў дапамозе для «Дзяржынскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра»:
- ТАА «БТМ Трэйдынг» (Інтэрнэт-крама socket.by);
- СААТ «Парфумерна-касметычная фабрыка «Модум – наша касметыка»;
- ПУП «Шкляная лэдзі»;
- Дадо піца;
- Шоу-рум дзіцячых аўтакрэслаў avtokresla.by;
- ТАА «Безтраншэйныя тэхналогіі»;
Мы выказваем падзяку кожнаму, хто наведаў нашае мерапрыемства і спадзяемся, што ўжо зусім хутка зможам сустрэцца ізноў. Да новых сустрэч!