"Green Meadow cup"
У гэтую суботу ў сярэдняй школе №148, што знаходзіцца ў сталічным Зялёным лузе, адбыўся фінал турніру па міні-футболе сярод навучэнцаў школ гэтага мікрараёна - «Green Meadow cup 2021». Мінскае «Дынама» з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне арганізатараў турніру, і прадстаўнікі нашага клуба таксама зрабілі свой унёсак у спартыўнае свята вучняў.
«Ці вы з «Дынама»? А можна вам паціснуць руку?» - з такім здзіўленнем сустракалі нас на парозе вучні СШ №148. Разам з прадстаўнікамі прэс-службы і аддзела маркетынгу «Дынама» кампанію нам склаў Мікіта Навумаў. Абаронца бела-блакітных працягвае аднаўляцца ад пашкоджання, якое атрымаў на адной з трэніровак перад матчам супраць «Гомеля».
«Калі ў апошні раз быў у школе? У брата на выпускным, гадоў шэсць таму, недзе так. Пераступіўшы парог сёння, адчуў прыліў настальгіі, прыгадаў свае школьныя гады. З задавальненнем бы зараз пасядзеў бы за задняй партай» - дзеліцца з намі ўспамінамі аб сваім дзяцінстве Навумаў.
Што ёсць, то ёсць - без настальгіі ў наведванні падобных мерапрыемстваў абысціся нельга. Хтосьці з сумам узгадвае вясёлую мітусню, якая часцяком пануе на школьных перапынках, хтосьці заняткі, урокі або кантрольныя. Але, мабыць, у кожнага з нас абавязкова праскоквае сумная думка: «Эх, вярнуцца б сюды, у гэты бесклапотны час, хоць бы на адзін дзень...».
У школьнай спартыўнай зале ж свая непаўторная атмасфера. Хто з нас не любіў у дзяцінстве ўрокі фізкультуры? Калі са сваімі аднакласнікамі можна было выдатна выпусціць пар, назапашаны за час іншых школьных заняткаў. Дзіўна, але наш абаронца да "фізры" ставіўся даволі спакойна:
«Калі шчыра, у дзяцінстве я з большым задавальненнем хадзіў на трэніроўкі, чым на ўрокі фізкультуры. Чаму? Мае аднакласнікі былі не вельмі футбольныя людзі (усміхаецца), таму было не вельмі цікава. Якім я быў вучнем? Не вельмі добрым, прызнаюся. У пакеце заўсёды быў толькі адзін агульны сшытак, на якім было напісана «Для ўрокаў», і ручка. Усё. У прынцыпе, звычайна гэтага набору мне хапала на год. Падручнікі - гэта было не маё. Да класа сёмага настаўнікі яшчэ спрабавалі мяне выхоўваць, але потым зразумелі, што гэта марная справа» - працягвае распавядаць Мікіта.
Арганізатары турніру падышлі да мерапрыемства даволі крэатыўна і прафесійна: у перапынках паміж таймамі удзельнікаў матчаў, а таксама гасцей спаборніцтваў чакалі розыгрышы падарункаў (у тым ліку і ад нашага клуба). У паўзах ж паміж гульнямі ўсіх прысутных забаўлялі цікавай шоу-праграмай.
Школьны футбол можна назваць асобным відам мастацтва: там, дзе не хапае майстэрства, у справу ідуць самааддача і велізарнае жаданне. Усе гэтыя рэчы трансфармуюцца ў набор яркіх эмоцый, якія выклікаюць сімпатыю і сапраўдную цікавасць да таго, што адбываецца на гульнявой пляцоўцы.
«Так, спаборніцтвы школьныя у нас таксама былі, як і цяпер, і для мяне гэта было асаблівым задавальненнем - мала таго, што ў футбол гуляеш, дык яшчэ і ад урокаў вызваляюць (усміхаецца). У нашай школьнай камандзе гуляла многа хлопцаў розных узростаў, але мы ўсе адзін аднаго ведалі, таму што многія займаліся футболам. Была ў нас у Віцебску адна добрая школа, у якой гулялі футбольныя хлопцы, з ёй у нас былі добрыя засекі ў дзяцінстве, матчы для нас мелі вельмі прынцыповае значэнне, але, на жаль, перамагаць у нас не атрымлівалася. Прыемна, што сёння таксама праводзяцца такія спаборніцтвы. Гэта важна, каб дзеці рухаліся, гулялі ў футбол, а не сядзелі ў сваіх тэлефонах і планшэтах» - узгадвае пра свае школьныя спаборніцтвы наш абаронца.
Зразумела, цвіком дня стаў фінальны паядынак, дзе сышліся вучні гімназіі №22 і школы №66. Матч, як і належыць статусу, атрымаўся яркім і цікавым. З асаблівай увагай за ходам сустрэчы назіраў і Мікіта Навумаў. Яшчэ б, нашаму абаронцу выпаў вялікі гонар - вызначыць імя MVP вырашальнага матчу турніру «Green Meadow Cup». Чэмпіёнам спаборніцтваў сталі хлопцы з гімназіі №22 (перамога з лікам 6:2), а найлепшым гульцом, на думку абаронцы нацыянальнай зборнай Беларусі, стаў вучань 7 класа - Мацвей Лапшын.
На памяць аб мінулым турніры прадстаўнікі нашага клуба атрымалі падарункі ад арганізатараў турніру, за што, карыстаючыся выпадкам, яшчэ раз гаворым вялікі дзякуй, а таксама, як зпрпз модна казаць, выказваем велізарны RESPECT за карыснае і важнае для масавага футбола мерапрыемства.
Вядома ж, дынамаўцы прыехалі ў Зялёны Луг не з пустымі рукамі і таксама падарылі памятныя прызы і сувеніры ўдзельнікам турніру. З нецярпеннем будзьма чакаць хлопцаў на нашым матчы ў пятніцу, і мы ўпэўненыя, што наша бела-блакітная сям'я стала яшчэ большай, бо заўзятараў у нашага клубу пасля гэтага маленькага спартыўнага свята дакладна дадалося.
А Мікіта Навумаў напрыканцы перадаў прывітанне ўсім нашым і паабяцаў, што будзе максімальна старацца, каб хутчэй вярнуцца на футбольнае поле.