НАШЫ Ў ЗБОРНЫХ: ВЫНІКІ ВЫСТУПЛЕННЯ ДЫНАМАЎЦАЎ
Завяршыліся матчы некалькіх зборных нашай краіны. Распавядаем аб выніках выступленняў дынамаўцаў у нацыянальных камандах.
У перыяд з 8 па 11 кастрычніка "Белакрылыя" правялі яшчэ два матчы ў рамках кваліфікацыі ЧС-2022 года. Першая гульня, супраць зборнай Эстоніі, скончылася для падапечных Георгія Кандрацьева паразай з лікам 0-2. Арцём Быкаў, Уладзіслаў Клімовіч і Аляксандр Сялява выйшлі на матч у стартавым складзе і адгулялі ўвесь час. Наш галкіпер Ягор Хаткевіч застаўся на лаўцы запасных.
У панядзелак, 11 кастрычніка, Нацыянальная зборная правяла гульню супраць Чэхіі, у якой, на жаль, таксама саступіла з лікам 0-2. Арцём Быкаў, Уладзіслаў Клімовіч і Аляксандр Сялява зноў выйшлі з першых хвілін на полі. Сялява быў заменены на пачатку другога тайма, Клімовіч на 78-й хвіліне сустрэчы. Арцём Быкаў адгуляў увесь матч, Ягор Хаткевіч зноў застаўся ў запасе. Заключны матч адборачнага цыклу нацыянальная зборная Беларусі правядзе ў Кардыфе супраць Уэльса. Паядынак адбудзецца 13 лістапада на стадыёне "Кардыф Сіці" і пачнецца ў 22.45.
Маладзёжная зборная (U-21) таксама адгуляла два матчы ў рамках кваліфікацыі маладзёжнага ЕЎРА: супернікамі сталі каманды Грэцыі і Ліхтэнштэйна. Гульня супраць аднагодкаў з Грэцыі завяршылася паразай "маладзёжкі" - 0-2 на карысць суперніка. Уладзіслаў Ложкін і Раман Давыскіба выйшлі ў стартавым складзе, Уладзіслаў адгуляў усе 90 хвілін, Раман быў заменены на 61-ай хвіліне. Дзяніс Шпакоўскі застаўся ў запасе.
Другі паядынак застаўся за беларускай камандай: падапечныя Сяргея Ясінскага здолелі забіць шэсць неўзаемных галоў у браму Ліхтэнштэйна. Ложкін таксама апынуўся ў стартавым складзе, аддаў галявую перадачу ў матчы і быў заменены на 63-й хвіліне. Раман Давыскіба выйшаў на поле на 70-й хвіліне. Шпакоўскі апынуўся на лаўцы запасных. Віншуем іх з перамогай.
Юніёрская зборная (U-19) правяла тры паядынкі першага этапу адбору на чэмпіянат Еўропы: супраць каманд Венгрыі, Аўстрыі і Эстоніі. У першай сустрэчы хлопцы саступілі гаспадарам міні-турніру - венграм (1:2 на карысць суперніка). Другі матч завяршыўся нічыёй для зборнай - 1:1. Гол у складзе беларускай каманды забіў наш Дзмітры Латыхоў (з пенальці). І таксама менавіта гол Дзмітрыя прынёс перамогу зборнай над Эстоніяй! Беларусы здолелі мінімальна перамагчы суперніка зноў дзякуючы рэалізаванаму пенальці. Нападаючы Ягор Шадзько таксама прыняў удзел ва ўсіх трох матчах адбору.
Адзначым, што каманда Андрэя Скарабагацькі па выніках трох матчаў заняла трэцяе месца ў групе і мае шанцы на выхад у элітны раўнд. Для гэтага неабходна стаць найлепшай камандай, якія занялі трэці радок сярод усіх 13 груп (матчы яшчэ некалькіх груп пройдуць 16 лістапада).