Юнацкая Ліга УЕФА - лёсаванне ўжо заўтра.
Як вядома, юнацкая каманда мінскага «Дынама» 2001-2002 гадоў нараджэння па выніках сезону 2019/2020 стала чэмпіёнам Беларусі. Але акрамя залатых медалёў падапечныя Уладзіміра Дзятлава ўпершыню ў гісторыі нашага клуба заваявалі права на ўдзел у юнацкай Лізе УЕФА. І ўжо заўтра дынамаўцы даведаюцца імя свайго суперніка ў першым адборачным раўндзе (1/32 фіналу Юлу 2020/2021).
27 студзеня ў швейцарскім Ньёне пройдзе лёсаванне для 64-х удзельнікаў турніру (32 каманды Шляхі Лігі Чэмпіёнаў і 32 каманды Шляхі Нацыянальных Чэмпіёнаў). Лёсаванне пачнецца ў 14:00 па мінскім часе, а матчы 1/32 фіналу адбудуцца 2 ці 3 сакавіка.
Фармат спаборніцтваў у бягучым сезоне прыйшлося змяніць з нагоды пандэміі COVID-19: увосень 2020 года матчы не праводзіліся і турнір быў перанесены на весну наступнага года. Гэты розыгрыш Юлу будзе складацца толькі з аднаматчавых супрацьстаянняў на вылет, якія пачнуцца з 1/32 фіналу (групавы этап для каманд Шляхі Лігі Чэмпіёнаў быў таксама адменены).
Пераможца юнацкага першынства Беларусі ў старэйшай узроставай катэгорыі (U-18), футбольны клуб «Дынама-Мінск» будзе выступаць па Шляхах Нацыянальных Чэмпіёнаў, якія правядуць паміж сабой матчы 1/32 фіналу (2-3 сакавіка) і 1/16 фіналу (6-7 красавіка). Пары будуць сфармаваныя з дапамогай сляпога лёсавання. Пры гэтым, УЕФА падзяліла ўсе каманды на 4 групы па геаграфічным прынцыпе, каб камандам не даводзілася пераадольваць вялікія адлегласці.
Такім чынам, супернікам дынамаўцаў стане адна з наступных каманд: «Чартанава» (Расія), «Кайрат» (Казахстан), «Габала» (Азербайджан), «Макабі Хайфа» (Ізраіль), «Лудагорац» (Балгарыя), «Шкендыя» (Македонія) або «Шэрыф» (Малдова).
Пачынаючы з 1/8 фіналу (20-21 красавіка), два шляхі аб'яднаюцца: восем каманд Шляхоў Лігі Чэмпіёнаў і восе каманд Шляхоў Нацыянальных Чэмпіёнаў згуляюць адзін з адным. Чвэрцьфіналы пройдуць 4-5 траўня, паўфіналы - 17 траўня, а фінал запланаваны на 20 траўня.
На Шляхах Лігі Чэмпіёнаў згуляюць 32 каманды, асноўныя склады якіх стартавалі ў цяперашнім розыгрышы дарослай Лігі Чэмпіёнаў.