Нашы ў зборных!

18.11.2015

Нашы зборнікі правялі чарговыя матчы

 

 

 

 

Скончылася чарговая паўза ў календары гульняў еўрапейскіх клубаў, выкліканая гульнямі зборных. Так, чэмпіянат краіны ўжо скончаны, але гульні ў нашым календары яшчэ маюцца - зусім хутка нас чакаюць матчы за Кубак Беларусі і астатнія матчы Лігі Еўропы УЕФА. Са зборных вяртаюцца ў Мінск і нашы футбалісты. І вашай увазе мы прапануем агляд іх гульняў.

Нацыянальная зборная Беларусі, як вядома, магчымасцю правядзення таварыскага матчу не скарысталася. Затое цалкам «загружанымі» апынуліся футбалісты маладзёжнай зборнай краіны. Нашым хлопцам трэба было правесці важныя паядынкі супраць зборных Нідэрландаў і Кіпру. Нажаль, «пашумець» і павезці пункты з краіны цюльпанаў нашым хлопцам не ўдалося. Галандцы з мінімальным лікам адолелі нашых футбалістаў. У аснове супраць аранжавых выйшлі ўсе футбалісты нашага клуба: Расадкін, Корзун, Яроцкі, Карповіч, Шасцілоўскі. Глеб, Мікіта і Сяргей адыгралі ўвесь матч, а Яраслаў быў заменены на 55-й хвіліне. На жаль, траўму ў матчы атрымаў Сямён Шасцілоўскі. На 58-й хвіліне Сямён няўдала прызямліўся і пашкодзіў хрыбет. Прыблізны тэрмін аднаўлення Сямёна складае 1 месяц.

Прайграўшы Нідэрландам, неабходна было перамагаць кіпрыётаў. Нажаль, гэтага зрабіць не ўдалося. Учора на стадыёне «Гарадскі», што ў Барысаве, наша маладзёжка не змагла даціснуць гасцей да канца - нічыя 2:2. Кіпрыёты двойчы выходзілі наперад у паядынку. Першым разам лік зраўняў наш Глеб Расадкін, вар'яцкім ударам праз сябе, а пры другім узяцці брамы Расадкін выступіў у ролі асістэнта. Глеб, як і Карповіч Сяргей, правялі ўвесь матч, Яраслаў Яроцкі выйшаў на поле ў другім тайме, але на 77-й хвіліне пакінуў поле на насілках. Аб падрабязнасцях траўмы Яраслава мы паведамім пазней. Мікіта Корзун прастудзіўся пасля матчу ў Нідэрландах і на гульню супраць маладзёжкі Кіпра заяўлены не быў.

Фатас Бечырай ў складзе зборнай Чарнагорыі праводзіў толькі адзін таварыскі матч за час гэтай паўзы. Матч адбыўся ў Македоніі і завяршыўся вельмі дзіўным вынікам - Чарнагорыя саступіла з лікам 1:4. Фатас Бечырай ў гэтым матчы адыграў толькі 68 хвілін.

Махамед Мунір праз 2 гады зноў вяртаецца ў нацыянальную зборную Лівіі. Мунір прыняў удзел у матчы 2-га адборачнага раўнду кваліфікацыйнага турніру Чэмпіянату Свету-2018. Супернікамі лівійцаў былі футбалісты зборнай Руанды. У першым матчы лівійцы ў родных мурах атрымалі перамогу з лікам 1:0, а Махамед быў заменены на 69-й хвіліне. У сустрэчы ў адказ усё было значна весялей: Мунір аформіў дубль! І правёў на полі ўвесь матч! Лівійцы атрымалі перамогу з лікам 3:1 і выйшлі ў групавы раўнд кваліфікацыі.

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце