Нашы ў зборных

05.09.2014

Прадстаўнікі мінскага «Дынама» правялі за нацыянальную зборную Беларусі таварыскі матч супраць зборнай Таджыкістану

vk_38447

 

 

У чацвер нацыянальная зборная Беларусі правяла першы матч у новым цыкле, прымеркаваны да адборачнага турніру да чэмпіянату Еўропы 2016 году, які пройдзе ў Францыі. Падапечныя Георгія Кандрацьева дэбютавалі на газоне Барысаў-Арэны ў таварыскім паядынку супраць нацыянальнай зборнай Таджыкістану. На жаль, першы матч галоўнай каманды Беларусі на галоўным стадыёне краіны не сабраў і трох тысяч чалавек. Тым не менш, тыя, хто ўсё ж такі прыйшоў на трыбуны ў гэты дзень не пашкадавалі - даўнютка ўжо нашы футбалісты не забівалі ў адным паядынку ажно шэсць мячоў. Так, няхай зборная Таджыкістану далёка не самы рэйтынгавы апанент. Так, няхай госці засталіся ў меншасці ўжо на 5-й хвіліне матчу. Не гледзячы на гэта, у першым тайме госці ўпэўнена стрымлівалі націск гаспадароў.

 

 

Першы гол быў забіты менавіта пасля выдалення. Што прыемна нам - аўтар гэтага голу Ігар Стасевіч, які эфектна адправіў мяч у сетку брамы зборнай Таджыкістану са штрафнога ўдару. Бліжэй да экватару першага тайму прыкладна з той жа пазіцыі Ігар Стасевіч выконваў яшчэ адзін штрафны ўдар, пасьля якога мяч апынуўся зноў у сетцы брамы гасцей. Праўда, арбітр сустрэчы запаліў афсайд у Сяргея Карніленкі, які пераправіў мяч дакладна ў цэль. У канцы першай 45-хвілінцы госці знайшлі ў сабе сілы адыграцца, чым прывялі ў захапленне фан-сектар гасцей, які ў першым тайме быў галоўнай крыніцай шуму на Барысаў-Арэне. Калі б не гарачыя госці, то можна было б падумаць, што людзі прыйшлі ў тэатр - настолькі камерная атмасфера была ўнутры стадыёна. 

 

 

У другім тайме галоўны трэнер зборнай Беларусі зрабіў шэраг замен, галоўнай з якіх стаў выхад на поле паўабаронцы французскага Метцу - Сяргея Крыўца. Другая палова матчу прайшла пад татальным кантролем мяча беларусамі і гульнёй у адну браму. 5 забітых мячоў пра гэта сведчаць больш чым! Таксама варта адзначыць тое, што ўсе 5 мячоў былі забітыя цягам 20 хвілін. Адзначаліся Карніленка, Крывец, Аляхновіч, Кісляк і Алексіевіч.

 

 

Як вядома, Георгій Пятровіч Кандрацьеў выклікаў у размяшчэнне нацыянальнай зборнай краіны 4 футбалісты з мінскага «Дынама». Сяргей Паліцевіч ўчора адыграў усе 90 хвілін ад званку да званку. Ігар Стасевіч, варта прызнаць, у першым тайме быў самым актыўным футбалістам зборнай краіны: некалькі разоў зарабляў небяспечныя штрафныя, не саромеўся і сам прабіваць. У другім тайме Ігар быў заменены. Аляксандр Гутар правёў матч на лаўцы запасных, а Алег Вераціла на матч заяўлены не быў. 

 

 

Для вас мы падрыхтавалі невялікі відэасюжэт з каментарамі Сяргея Паліцевіча і Ігара Стасевіча. У якасці бонуса - гол Ігара Стасевіча з лепшага ракурсу.

 

 

Беларусь: Чэрнік - Шытаў, Мартыновіч, Паліцевіч, Бардачоў (Палякоў, 59), Тыгараў (Аляхновіч, 18), Кісляк, Калачоў (к) (Балановіч, 46), Глеб (Крывец, 46), Стасевіч (Алексіевіч, 46), Карніленка (Драгун, 71). 

 

Запасныя: Клімовіч, Гутар, Філіпенка.

 

Галы: 1:0 - Стасевіч, 7; 1:1 - Фатхулоеў, 34; 2:1 - Карніленка, 55; 3:1 - Крывец, 59; 4:1 - Аляхновіч, 61; 5:1 - Кісляк, 63; 6:1 - Алексіевіч, 75.

 

«Метца» 
«Метца» 
«Динамо»

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце