Слуцк - Дынама - 0:1. Час Удожы.

17.10.2015

Мінскае «Дынама» выйграе ў Слуцку дзякуючы дакладнаму ўдару галоўнага бамбардзіра восені - Чыгозэ Удожы

 

 

 

 

Мінуў перапынак у першынстве Беларусі, выкліканы так званай «міжнароднай» паўзай, калі зборныя каманды, ад юнацкіх да нацыянальных, праводзяць свае сустрэчы.

Звычайна падобныя перапынкі ідуць на карысць камандам. Можна, вобразна кажучы, перавесці дух, падлячыць траўмаваных, адпрацаваць на трэніроўках новыя ўзаемадзеянні. Папрацаваць над тымі кампанентамі, што атрымліваюцца горш, ці не атрымліваюцца зусім. Напрыклад - над рэалізацыяй шматлікіх галявых момантаў.



Але ў мінскага «Дынама», сітуацыя некалькі іншая. Вялікая група гульцоў, якая выступала ў зборных, вярнулася ў каманду літаральна за пару-тройку дзён да матчу. Таму ў заўзятараў слушную цікавасць выклікалі як кандыцыі футбалістаў, так і пытанні ўзаемадзеяння. Асабліва ў праекцыі на маючы адбыцца матч Лігі Еўропы ў Вільярэале.



«Дынама» выйшла на гульню са «Слуцкам» ў звыклым, калі не сказаць аптымальным складзе. Толькі Мікіта Корзун, які правёў ад званка да званка два цяжкіх матчы за моладзёжную зборную, не быў заяўлены на гэты матч.

Гэты матч што адзін, што другі бок можа назваць «матчам нескарыстаных магчымасцяў».
Рэалізуй «Дынама» нават не палову, а хоць бы чвэрць створаных момантаў, хто б успамінаў потым пра тыя нячастыя, але відавочныя пагрозы, што ўтойвалі ў сабе атакі гаспадароў? Але замест таго, каб сысці на перапынак з камфортнай перавагай у два-тры мячы, бел-блакітным спатрэбілася гадзіну з невялікім на тое, каб толькі аднойчы рэалізаваць сваю бясспрэчную перавагу ў матчы.



«Дынама» не забівала з самых розных сітуацый: з прамога ўдару, з прастрэлу, пасля памылак абаронаў (адзін толькі ўвод мяча брамнікам случчукоў на нагу Адамавічу чаго варты!). Складалася адчуванне, што дзесьці на трыбуне церабіў сваю бараду і ўсміхаўся стары Хатабыч, бо, што случчукі маглі ад душы наракаць на лёс, што мінчукі. Асабліва апошнія, якія ўсё білі і білі па штангах, нібы вярнуўся веснавы праклён на Адамавіча і іншыя, калі па ўсёй краіне звінелі каркасы брамы пасля ўдараў бел-блакітных.



Галоўнаму галеадору гасцей, Бечыраю, штанга перашкодзіла вызначыцца двойчы! Аднойчы на стойку наракаў Ненад Адамавіч! Прамудраў і Карыцька па штангах не білі, але і пасля іх удараў мяч ні ў якую не хацеў класціся ў сетку.


Наогул фартуна ў гэтым годзе ставіцца да мінчукоў вельмі абіральна. Вось у пачатку сезона забіваў Бечырай. Вось сцяг падхапіў Адамавіч. Зараз, атрымліваецца, прыйшоў час Удожы? Менавіта спроба Чыгозэ, завяршаючая камбінацыю з удзелам Муніра і Адамавіча, сталі выніковымі.



Выпады гаспадароў у адказ, як ужо казалася, можна пералічыць на пальцах адной рукі, але кожны з іх быў такі, што якраз было мяняць лік на табло. Іссо, Курловіч, Мілько - няпоўны спіс патэнцыйных галеадораў дружыны Грыгарава. Але альбо штанга звыкла зазвініць, або Гутар падцвердзіць свой клас, адбіўшы адскочыўшы мяч плячом. Ці, напрыклад, дастаўшы мяч з-пад ашэстка. Або Сяргей Паліцевіч на апошняй секундзе кампенсаванага часу матчу (!) выб'е мяч з пустой брамы.



Але добра тое, што добра скончваецца. «Дынама» ўзяло тры пункты на выездзе і наўрад ці хто-небудзь з відавочцаў матчу будзе наракаць на несправядлівасць такога зыходу.
Заўзятары случчукоў жа могуць занесці ў актыў сваёй камандзе байцоўскі характар і непахіснасць перад фаварытам.

Наступны матч «Дынама» правядзе ў бліжэйшы чацвер на «Эль Мадрыгале», у Іспаніі, супраць лідзіруючага ў Ла Лізе «Вільярэалу». І там ужо будзе зусім іншая гульня.
І да сваіх момантаў трэба будзе паставіцца куды больш асцярожна.

У Фларэнцыі, неяк аднойчы, атрымалася …

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце