Дынама - Тарпеда - 1:1. А перамога была так патрэбна ...

27.09.2014

І трэцяя сустрэча мінскага Дынама і жодзінскага Тарпеда ў сезоне-2014 не прынесла мінчукам радасці перамогі ...

 

 

 

 

Роўна месяц таму супернікі ўжо гулялі на «Трактары» у матчы 21 тура. Ключавы момант таго матчу здарыўся на 27 хвіліне, калі ў выніку адзінаборства Вячаслава Глеба і Чыгозэ Удожы апошні атрымаў чырвоную картку і «Дынама» засталося ў меньшасці. Зусім не сумны матч, з багаццем барацьбы, траўм, галявых момантаў, завяршыўся так, як і пачаўся - стартавымі нулямі на табло.

 

У матчы першага круга жодзінцы ў родных сценах увогуле перамаглі! Такім чынам, кажучы мовай заўзятара, у «Дынама» да гасцей даўгоў назбіралася.


Турнірная ж сітуацыя заўсёды дыктуе свой сюжэт у матчы. Па-першае, ніхто не выходзіць на поле з думкай пра паразу - кожная каманда імкнецца да перамогі, а з характарам у каманды Крывушэнка ніколі праблем не было. А па-другое, гаспадарам перамога была патрэбна як паветра - учорашняя асечка БАТЭ у Наваполацку пакідала бела-блакітным шанец скараціць дыстанцыю да лідыруючых у чэмпіянаце барысаўчан да аднаго пункта.


Але гэта ўсё былі перадматчавая развагі. Адказы на ўсе пытанні павінна была даць гульня!

Стартавую дзесяцімінутку каманды правялі ў лёгкім абмене ўколамі, але да сапраўдных пагроз справа не даходзіла. А на 17-й хвіліне празвінеў першы званок небяспекі каля брамы «Дынама» - Мельнік з правага флангу прастрэльвае на Бурко, добра што Алег Вераціла першым паспеў да мяча і выбіў яго на кутні, інакш нас магло чакаць рандэву форварда з галкіперам, але - абышлося. А ўжо ў атацы ў адказ «Дынама» зарабіла першы кутні, пасля падачы якога Сімавіч біў на апярэджанне і, як падалося, трапіў мячом у руку камусці з жодзінцаў. Але суддзя парушэння  ў гэтым моманце не ўглядзеў. Аднак абмен пагрозамі - адбыўся.

 


Праз хвіліну Молаш з кутняга закручвае мяч у блізкі кут - не чакаў такога падвоху Часноўскі і з цяжкасцю але спраўляецца з ударам нашага капітана!


Але ў цэлым гульня была досыць роўнай. «Дынама» на правах гаспадароў атакавала часцей і валодала мячом больш, але пры першай жа магчымасці жодзінцы ўбягалі ў часам вельмі небяспечныя контратакі.


А на 28-й хвіліне Удожы абыграў чатырох супернікаў, але быў не па правілах спынены ў трох метрах ад лініі штрафной. Кропка Стасевіча? Аднак прабіў Дзмітры Молаш, ды як магутна! Але і тут Часноўскі дапамог, хоця і з цяжкасцю, але перавёў мяч на кутні!

 


Праз  дзве хвіліны Часноўскі парыруе ўдар Удожы метраў з пяці, праўда балгарын прабіў хоця і магутна, але вельмі няхітра - прама ў галкіпера. Тут жа Стасевіч зарабляе кутні - перавага гаспадароў стала вымалёўвацца ўсё больш яўная. На працягу 3-4 хвілін «Дынама» зарабіла 4 кутніх, нанесла некалькі удараў па браме - але колькасць не заўсёды перарастае ў якасць.
 

У адной з рэдкіх контратак жодзінцы, скарыстаўшыся шэрагам памылак дынамаўскай абароны, стварылі самы небяспечны момант каля брамы гаспадароў, але мяч пасля ўдару Яцкевіча прыняла на сабе крыжавіна.

 

Другі тайм пачаўся з фінта Адамавіча каля лініі поля і паса на Рассадкіна - удару Глеба галавой ледзь-ледзь не хапіла дакладнасці! Падача кутняга - і зноў Рассадкин б'е - на жаль, міма!


А на 53-й хвіліне матчу дынамаўцы ўсёж знялі безгалявы праклён гэтага сезона ў матчы з аўтазаводцамі, які доўжыўся 2,5 матчы або 233 хвіліны. Стасевіч выканаў чарговы штрафны ад левага кута штрафной «Тарпеда», закручваючы мяч у браму, Канцавы і Дацэнка змагаліся за мяч і жодзінскі легіянер так падкарэктаваў палёт мяча, што Адамавічу не склала цяжкасці ва ўпор расстраляць вароты Часноўскага! 1:0!

 


Жодзінцы і тут не склалі рукі, ня гледзячы на тое, што гаспадары працягвалі атакаваць. Чарговая контратака прынесла гасцям дывідэнды ў выглядзе галявога моманту. Пазіцыя для ўдару ў Лявіцкага была дастаткова перспектыўнай, ды і сам удар атрымаўся моцным і ў кут, але Ігнатовіч перавёў мяч на кутні.


У наступны раз Ігнатовіч апынуўся ў цэнтры ўвагі ў сярэдзіне тайма, калі пакінуўшы браму не паспеў перахапіць перадачу Яцкевіча, але паспеў заняць пазіцыю і не даў Васькову перакінуць сябе.


І ўсё ж госці аднавілі лік, прычым, калі пасля ўдару Казекі мяч трапіў у штангу, але пасля падбору і дабіванне Бурко мяч заляцеў акурат у дзевятку дынамаўскай брамы і тут ужо Ігнатовіч быў наяздольны дапамагчы. Заставалася гуляць 10 хвілін.

 


Жодзіна працягвала гуляць з настроем, усё ж такі нічыя на выездзе хоць і не мяжа мараў, але вынік добры. А вось у «Дынама» вельмі недарэчы траўму атрымаў Чыгозэ Удожы, якога вымушана замяніў Эрнан Фігерэда.


Фінальны свісток Кульбакова заспеў гаспадароў ў атацы! Мельнік цаной парушэння і чырвонай карткі сарваў галявы шанец Рассадкіна - і замест пенальці «Дынама» атрымлівае магчымасць прабіць штрафны з 16 метраў. Гаспадары апелявалі да арбітра, маўляў, адсунь сценку не на 6, а на 9 метраў. Госці паказвалі,  што гаспадары нібыта перанеслі мяч на 20 сантыметраў бліжэй ... У выніку ўдар Ігара Стасевіча прыйшоўся пад перакладзіну, але выйшаў не моцным і Павел Часноўскі гэтым сейвам прынёс гасцям адзін пункт у скарбонку, а гаспадароў пазбавіў двух. Нічыя. Чэмпіёнская гонка працягваецца.

 

Апошнюю перамогу на сваім полі «Дынама» атрымала ў далёкім ужо 18 туры, калі былі абыграны берасцейскія аднаклубнікі. Пасля чаго мінчукі не могуць выйграць вось ужо два месяцы на роднай арэне. Наступны матч у чэмпіянаце бела-блакітныя згуляюць 5 кастрычніка супраць наваполацкага «Нафтана».


А ўжо ў чацвер, 2 кастрычніка, мінчукоў чакае матч Лігі Еўропы супраць італьянскай «Фіярэнціны».


 

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце