Дынама - Славія - 2:0

26.10.2015

Мінскае «Дынама» за 2 туры да канца чэмпіянату забяспечыла сабе срэбраныя медалі.

 

 

 

 

Увогуле, у матчы са «Славіяй» здарылася тое, што і павінна было здарыцца. «Дынама» адносна без праблем выйграла, а ў мазырчукоў контраргументаў супраць атак гаспадароў не знайшлося. Як адзначыў трэнер гасцей Юры Пунтус на пасляматчавай прэс-канферэнцыі, у яго няма пытанняў да сваіх падапечных па частцы самааддачы. А вось па частцы стварэння ....

Гэта ў першым коле, у Мазыры, матч прайшоў на сустрэчных курсах і паказытаў нервы заўзятараў абедзьвюх камандаў.
А зараз і госці патрапілі ў зацяжную бязрадасную серыю - прайграўшы 8 з апошніх 11-ці матчаў, і «Дынама», пры ўсім расчараванні ад выніку нядаўняга матчу з Вільярэалам, усё ж такі выглядае нашмат больш самавітай за сваіх палескіх апанентаў.

Што да гульні гаспадароў, дык ў нацыянальным першынстве бел-блакітныя, яшчэ з часоў СССР, момантаў у кожным матчы ствараюць багата. Вось з рэалізацыяй, часам, ёсць пытанні.

Мы ўжо адзначалі, што ў гэтым «Дынама» галы забівае хтосьці адзін: Бечырай, Адамавіч, цяпер вось прыйшоў час Удожы. За няпоўныя два месяцы Ўда «настраляў», з улікам сённяшняга матчу, вось ужо 9 мячоў і выйшаў на першае месца клубных бамбардзіраў менавіта ў чэмпіянаце. Эх, калі б наш галеадор страляў залпам, адразу з усіх ствалоў, глядзіш, фінішныя расклады ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі былі б імаверна іншымі, больш радавалі б вока заўзятара.

 


Вось і ў справаздачным матчы вызначыцца маглі ўсе тры бамбардзіры гаспадароў, але Адамавічу зноў перашкодзіў ашэстак і імгненнем раней зафіксаваны "па-за гульнёй". Добры выпад Бечырая парыраваў вопытны Гаеў. Пры канцы матчу мог забіць і палачка-ратавалачка Расадкін, але Грачышка яго спыніў не па правілах, у выніку чаго мазырчук убачыў перад сабой чырвоную картку, а дынамаўцы з перспектыўнага штрафнога так нічога і не займелі.

 


І толькі Удожы сваімі шанцамі скарыстаўся спаўна! Спачатку ён адгукнуўся на вывераную флангавую перадачу Варанкова і галавой забіў мяч у браму так магутна, што нешматлікі люд на трыбунах толькі ахнуў: «Моцна!» ... Пасля чаго Ўда, упершыню ў гэтым сезоне, адсвяткаваў гол кульбітам, які так радуе заўзятараў.

 

А пры другім узяцці брамы Мітко, як называюць Чыгозэ Удожы балгары, пад чыім пашпартам ён, уласна кажучы, і заяўлены за «Дынама» ў чэмпіянаце, апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы: Карыцька падаў кутні, Бечырай выйграў верхавую барацьбу ў абаронцаў і скінуў мяч пад удар Удожы. Ён і не спудлаваў.

 

У выніку за 2 туры да фінішу чэмпіянату «Дынама» паклала ў сваю скарбонку срэбраныя медалі першынства Беларусі-2015.
Але калі для большасці каманд сезон скончыцца праз 2 тыдні, дык у «Дынама» наперадзе яшчэ паўтарамесячны марафон, які ўключае ў сябе, акрамя гульняў чэмпіянату, 2 матчы на Кубак з правераным байцом - гродзенскім "Нёманам". І хто сказаў, што падапечныя Саладоўнікава, не гараць жаданнем выйсці ў веснавую стадыю кубка? Напэўна Сяргей Вітальевіч настроіць сваю каманду на гэтыя два матчы як на апошні бой.

Ды і ў Лізе Еўропы, дзе «Дынама» трэба згуляць яшчэ 3 гульні ў другім коле групавога этапу, дзе перад камандай стаіць шэраг да гэтага часу нявырашаных праблем: 0 ў графе «набраныя пункты», 0 забітых галоў ...

Так што адзначаць «срэбра» сёння бел-блакітным не дарэчы. Наперадзе яшчэ 7 гульняў і процьма пытанняў, якія трэба вырашыць на сваю карысць.

І ніяк інакш!

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце