Жадаем поспеху Сяргею Паліцевічу ў Турцыі

15.01.2016

Сяргей Паліцевіч - гулец турэцкага Генчлербірлігі.

 

 

 

 

Учора турэцкі клуб «Генчлербірлігі» абвесціў аб падпісанні кантракту з Сяргеем Паліцевічам. Тэрмін кантракту з мінскім «Дынама» ў нашага капітана скончыўся ў канцы мінулага году, і зараз Паліцевіч ідзе, як гаворыцца, на «павышэнне».

Новы клуб Сяргея Паліцевіча выступае ў першым дывізіёне турэцкага футболу - Суперлізе. Праўда, на дадзены момант справы ў «Генчлербірлігі» не самыя станоўчыя. Пасля 1-га кола каманда ідзе на 16-м месцы ў турнірнай табліцы і знаходзіцца ў зоне вылету. Адставанне ад 15-га месца - усяго адзін пункт. Нагадаем, што гэтай зімой «Генчлербірлігі» абвесціў аб пераходзе яшчэ аднаго футбаліста з Беларусі - Аляксандра Глеба.

Паліцевіч перайшоў у «Дынама» 5 гадоў таму, у студзені 2011 году. Высокі цэнтральны абаронца з першых жа матчаў пачаў прывабліваць сваёй гульнёй і заваёўваць аўтарытэт. У першы свой сезон Сяргей правёў 30 матчаў і вызначыўся адным забітым мячом. Больш, чым малады цэнтрдэф, у тым сезоне згуляў толькі Бычанок. Летам 2011 года ў складзе маладзёжнай зборнай Паліцевіч стаў бронзавым прызёрам Моладзевага Чэмпіянату Еўропы, згуляўшы ў 4 з 5 матчаў. У апошнім матчы сезона 2011 Паліцевіч упершыню выводзіць каманду на поле з капітанскай павязкай.

У 2012 годзе Сяргей працягвае з'яўляцца адным з лідэраў каманды па гульнявым часе (28 матчаў), а таксама адзначаецца двума забітымі мячамі. Таксама Паліцевіч у складзе зборнай Беларусі выступае на Алімпіядзе ў Лондане.

У сезоне 2013 Паліцевіч правёў 35 гульняў і забіў 4 мячы. У гэтым жа годзе Сяргей трапіў у лік лепшых гульцоў чэмпіянату Беларусі.

У наступным годзе наш абаронца за «Дынама» правёў 40 гульняў, у якіх двойчы вызначыўся. Па колькасці агульнага гульнявога часу Паліцевіч заняў другое месца ў камандзе, саступіўшы толькі Стасевічу. У тым жа годзе Сяргей дэбютуе за нацыянальную зборную Беларусі.

У 2015 годзе Паліцевіч быў абраны капітанам каманды і, цалкам лагічна, стаў адным з лідэраў «Дынама». Менавіта лідэрскі характар Сяргея не аднойчы дапамагаў нашай камандзе ў самых цяжкіх сітуацыях. Яго паводзіны на полі і ў пераапранальні заўсёды казалі пра яго яркія лідэрскія якасці. За яркую самааддачу, за свой баявы характар і палюбілі заўзятары капітана. Сяргей пасля матчу ніколі не сыходзіў з поля не падзякаваўшы фанатам. У цяжкіх сітуацыях, якія ўзнікалі ў сезоне, менавіта ён трымаў слова за ўсю каманду.

За 5 сезонаў у «Дынама» Паліцевіч правёў 173 матчы, у якіх вызначыўся 11 разоў. Мы дзякуем Сяргею за супрацоўніцтва з нашым клубам, за тыя, без малога, 5 гадоў, якія ён правёў тут. Мы дзякуем яму за самааддачу, за барацьбу на поле, за стаўленне да справы! Шчыра жадаем поспеху ў новым клубе, перамог і выдатных вынікаў! Твой любімы жэст мы запомнім надоўга!

Сёння мы звязаліся з Сяргеем і ён перадаў прывітанне ўсім нашым заўзятарам:

У Дынама ты правёў, практычна, 5 поўных гадоў. Які след у тваім жыцці пакінула літара "Д"?

- Я рады, што 5 гадоў таму зрабіў правільны выбар. Для мяне гэта былі добрыя гады! Вядома хапала ўсяго: былі і не вельмі добрыя моманты, але без іх нікуды, і я гэта разумеў. Заўсёды трэба проста працаваць, аддаваць усе свае сілы, і ўсё будзе на сваіх месцах! Для мяне «Дынама» стала родным клубам! Калі ты прыходзіш у «Дынама» - гэта вялікая адказнасць. Вядома не адразу ўсе разумеюць, што гэта не проста клуб, і што за гэтым імем стаіць гісторыя, войска заўзятараў і вялікія традыцыі! За пяць гадоў для мяне літара "Д" стала не проста літарай, я ведаю, што за ёй стаіць, і яна будзе жыць у маім сэрцы.

Якія самыя памятныя моманты звязаны ў цябе з нашым клубам?

- Вядома, было шмат добрых гульняў у чэмпіянаце, але самыя памятныя моманты, напэўна, гэта - Ліга Еўропы. Усё ж такі гэта добры ўзровень! Для нас гэта быў выдатны перыяд, як і для нашых заўзятараў. Мы пашырылі ім карту для выправаў! Вядома мая самая вялікая няўдача ў тым, што нам не ўдалося стаць чэмпіёнам і гэта вельмі раніць. Вельмі не хацелася сыходзіць з клуба, ня выйграўшы тытул!

У Дынама ў цябе засталося шмат добрых сяброў і знаёмых, засталося шмат заўзятараў. Што можаш сказаць ім напрыканцы?

- Хацелася б падзякаваць нашым заўзятарам, яны - самыя лепшыя, без перабольшання! Я спадзяюся, што не моцна расчараваў вашыя чакання і хацелася б сказаць дзякуй за тую падтрымку, якую вы аказвалі мне і клубу! Буду шчыра заўзець за Дынама, бо для мяне вы родныя! Я не кажу бывай, я кажу да пабачэння !!!

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце