Памёр Анатоль Васільеў

04.07.2014

Памёр Анатоль Васільеў

 

 

 

 

 

 

3 ліпеня на 70-м годзе жыцця памёр ветэран мінскага «Дынама», капітан каманды (1971-1973) - Анатоль Аляксандравіч Васільеў.
Анатоль Аляксандравіч Васільеў нарадзіўся 25 жніўня 1944 у г.Карэнаўск Краснадарскага Краю.
Выступаў за мінскае "Дынама" ў сезонах 1966-1973 году. Нападаючы Анатоль Васільеў згуляў за наш клуб 209 матчаў у чэмпіянаце СССР, забіў 47 галоў.


Анатоль Васільеў быў сапраўднай навальніцай брамы супернікаў. Прыняўшы ў 1972 капітанскую павязку ад Эдуарда Малафеева,
які атрымаў траўму, Анатоль Васільеў гуляў востра, агрэсіўна, настойліва змагаўся за мяч. А галоўнае - забіваў. 15 ліпеня 1972 г. мінскае «Дынама», кіраванае Анатолем Васільевым, разбівае на выездзе маскоўскі ЦСКА 3:0 - Васільеў забівае гол. 19 ліпеня пераможаны маскоўскі «Спартак» - 2:1 - пераможны гол забівае Анатоль Васільеў. А ў матчы з кіеўскім «Дынама» 24 ліпеня 1972 г Васільеў забівае двойчы! Спачатку, выйграўшы барацьбу ў свайго апекуна Міхаіла Фаменка, капітан мінчан стрымана, на проціходзе, накіраваў мяч у браму Рудакова. А затым магутна, метраў з 16-ці, з развароту прабіў па браме. Мяч трапіў у штангу, і пакуль усе - і свае, і чужыя, на яго глядзелі, Васільеў кінуўся на дабіванне і забіў другі мяч! Дэмаралізаваныя кіяўляне толькі і здолелі, што адыграць адзін мяч.

Гол на рахунку лепшага бамбардзіра чэмпіянату краіны - Алега Блахіна.
У Кубку СССР Анатоль Васільеў правёў 21 матч, забіў 5 галоў. Выступаючы за наш клуб, Анатоль Васільеў стаў майстрам спорту СССР (1966 год), прызываўся ў нацыянальную зборную СССР, у складзе якой правёў 1 афіцыйны матч (1971).
Акрамя мінскага «Дынама» Анатоль Васільеў выступаў за «Зорку» (Перм, 1962-1964), «Волгу» (Горкі, 1965) і «Карпаты» (Львоў, 1974).
Сканчаў кар'еру Анатоль Васільеў у чэмпіянаце БССР у жодзінскім «Тарпеда», за якое гуляў у сезонах 1974-75 гг.

Па заканчэнні кар'еры футбаліст Анатоль Васільеў працаваў трэнерам, старшым трэнерам у мінскай футбольнай школе «Працоўныя Рэзервы» / РЦАП па футболе (1974-2008).

Футбольны клуб «Дынама-Мінск», гульцы і трэнеры, супрацоўнікі ЗАТ «Дынама-Мінск» выказваюць спачуванні родным і блізкім нябожчыка.


Развітанне з Анатолем Васільевым пройдзе 5 ліпеня ў 14:00 у рытуальнай зале мінскага крэматорыя.

 

Анатоль Васільеў (злева). 

Тэгі: Ветэраны

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце