Днепр-Магілёў - Дынама-БДУФК. Каментары галоўнага трэнера

03.04.2021

Жаночая Ліга. Пасляматчавыя каментары Юрыя Іванавіча.

 

 

 

 

 

Юры Іванавіч, 3 тур Жаночай Лігі завершаны, наша каманда атрымлівае трэцюю перамогу. Што скажаце пра матч?

- У гэтай гульні было шмат добрых момантаў, хоць і забілі ўсяго два мячы. Першым таймам я яшчэ застаўся задаволены больш-меньш, бо былі і цікавыя камбінацыі, і шчыльныя ўдары, але ў другім усё вельмі разладзілася. У прынцыпе, па гульні хапала браку, былі памылкі ў не вельмі складаных сітуацыях, дзе заключная перадача дазволіла б да канца абвастрыць момант і завяршыць яго ўзяццем брамы. Зноў жа, буду сумленны: камандзе зараз патрэбны форвард, нам не абысціся без гэтага. Нядрэнныя атакі былі, але па-ранейшаму не хапае дзяўчатам менавіта завяршальнай перадачы.


У міжсезонне вы казалі пра тое, што на прагляд могуць прыехаць некалькі футбалістак, як раз на пазіцыю нападніцы. Ці можам чакаць іх у красавіку?

- Давайце не будзем пакуль спяшацца. Зараз будуць афіцыйныя гульні зборных, за якія гэтыя футбалісткі гуляюць, і гульні досыць сур'ёзныя, таму як гэта матчы за месца на Алімпіядзе. А ўжо па іх выніках мы зможам сказаць адназначна, як гэта ўсё будзе выглядаць.


У апошніх гульнях вы спрабуеце Вікторыю Валюк на пазіцыі цэнтральнай нападніцы, хоць першапачаткова гуляла яна ў сярэдняй лініі. Як ацэніце поспехі футбалісткі на новай пазіцыі?

- Разумееце, мы ж яе не проста так перавялі на месца форварда. Патрэбных якасцяў, якія дазваляюць згуляць у гэтай пазіцыі, у яе больш чым дастаткова. Зразумелая справа, пакуль усё гэта сыраватае, але я з аптымізмам гляджу ў будучыню і скажу, што калі Віка будзе ставіцца да гэтага так, як зараз, то ўсё атрымаецца. На гэтай пазіцыі яна згуляла пакуль у двух матчах і ў двух матчах забіла, такім чынам пэўны вынік вызначаецца.


У бліжэйшыя дні дзевяць футбалістак нашай каманды адправяцца ў размяшчэнне Нацыянальнай жаночай зборнай. Як будзе праходзіць гэты вучэбна-трэніровачны збор?

-Так, ужо на гэтых выхадных мы пачынаем, збіраемся 4 красавіка. Планавалі раней, але, у сувязі з тым, што многім футбалісткам аказалася не так проста прыбыць з-за мяжы, прынялі рашэнне пачаць крыху пазней. У панядзелак у зборнай будзе дзве трэніроўкі, у аўторак адна, і затым мы ляцім у Ташкент. Нас чакаюць два кантрольныя спарынгі, як вы ўжо ведаеце: супраць зборных Індыі і Узбекістана. Досыць нядрэнныя супернікі, хоць некаторыя і пісалі, што гэта слабыя каманды, але хацелася б, каб людзі хоць трохі пацікавіліся, адкрылі рэйтынгі і паглядзелі, на якім месцы знаходзяцца Індыя і Узбекістан. Матч супраць узбекскай каманды адбудзецца 11 красавіка, і ўжо на наступны дзень зборная вернецца ў Беларусь. Вучэбна-трэніровачны збор будзе непрацяглым, але, спадзяюся, паспяховым.

 

Тэгі: Сезон-2021

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце