Аляксандр Сялява - футбаліст мінскага "Дынама".

23.12.2020

Другі пачатковец клуба ў міжсезонне.

 

 

 

 

 

Кантракт з мінскім «Дынама» падпісаў 28-гадовы паўабаронца Аляксандр Сялява.

Наш навабранец нарадзіўся 17 траўня 1992 г. у Бялынічах, дзе і пачынаў займацца футболам пад кіраўніцтвам Сяргея Пласконнага. У юнацкія гады пераехаў у Магілёў, дзе пачаў займацца ў секцыі клуба «Хімвалакно», а ва ўзросце 16 гадоў падпісаў кантракт з барысаўскім БАТЭ, дзе гуляў за дубль.

У 2008-м годзе ў першым матчы 1/16 фіналу Кубка Беларусі супраць «Мінска» (барысаўчане дома саступілі з лікам 1:4) Сялява выйшаў на замену на 78-й хвіліне матчу. На той момант Аляксандру было 16 гадоў і 147 дзён - па гэты дзень паўабаронца з'яўляецца самым маладым дэбютантам асноўнага складу ў гісторыі жоўта-сініх.

Праўда, той матч так і застаўся адзіным за БАТЭ. У наступным годзе клуб скасаваў кантракт з маладым футбалістам з-за медыцынскіх праблем, якія былі выяўленыя ў Аляксандра. Аднак праз паўтара года паўторнае абследаванне не выявіла ніякіх адхіленняў, і паўабаронца аднавіў кар'еру, стаўшы гульцом «Клечаска», які на той момант выступаў у другой лізе. У сезоне-2010 Сялява дапамог свайму клубу фінішаваць на трэцім радку ў чэмпіянаце і заваяваць права на павышэнне ў дывізіёне.

 

 

У першай лізе футбалістам «Клечаску» затрымацца не ўдалося, з нагоды фінансавы праблем, якія ўзніклі ў клуба. Па выніках сезону каманда фінішавала ў сярэдзіне турнірнай табліцы, на 9-м месцы, але ад далейшага ўдзел у Першай лізе «Клечаск» адмовіўся. Цікаўны іншы факт, у сезоне 2011/2012 гэты сціплы клуб з поўдня мінскай вобласці стаў вядомы на ўсю краіну, бо каманда з Клецка трапіла ў чвэрцьфінал Кубку Беларусі. У 1/16 фіналу кляччане сенсацыйна у серыі пенальці перамаглі магілёўскі «Днепр» (асноўны час - 1:1, серыя пенальці - 8:7). Дарэчы, Аляксандр Сялява - адзіны футбаліст «Клечаску», які ў той самай серыі не здолеў перагуляць магілёўскага галкіпера. Цікаўны яшчэ адзін факт: у складзе «Дняпра» быў таксама адзін гулец, які не змог прабіць брамніка суперніка - гэта Міхаіл Казлоў. У 1/8 фіналу клеччане абгулялі «Рудзенск» (3:1), які ў 1/16 фіналу выбіў жодзінскі «Тарпеда-БелАЗ» і выйшаў у чвэрцьфінал.

Адзін з лідэраў «Клечаску» звярнуў на сябе ўвагу ў Жодзіна, і ў лютым 2012-га года Сялява перайшоў у «Тарпеда-БелАЗ», якое ўзначальваў Сяргей Гурэнка, а яго асістэнтам быў Андрэй Лаўрык - цяперашні спартыўны дырэктар мінскага «Дынама». У складзе аўтазаводцаў паўабаронца выступаў на працягу чатырох сезонаў. За гэты час адгуляў у 83-х матчах, у якіх зарабіў шэсць выніковых балаў (5+1).

 

 

У студзені 2016-га Сялява стаў футбалістам салігорскага «Шахцёра», колеры якога абараняў да снежня бягучага года. У складзе жоўта-чорных Аляксандр у сезоне 2018/2019 стаў уладальнікам Кубка Беларусі, а ў гэтым сезоне стаў чэмпіёнам Беларусі.

 

 

Усяго за салігорскі клуб паўабаронца згуляў у 142-х матчах, у яго актыве чатыры выніковыя балы (1+3).

 

 

У верасні гэтага года Сялява дэбютаваў за нацыянальную зборную Беларусі.

 

 

Мы вітаем Аляксандра ў мінскім «Дынама» і жадаем яму паспяховай кар'еры ў нашым клубе, сардэчна запрашаем!

Тэгі: Сезон-2020

Каментарыi

Для таго, каб пакінуць каментар, неабходна аўтарызавацца на сайце